11/09/2026

Адпустовая ўрачыстасць Нараджэння Maці Божай у Гудагаі

8 верасня 2026 года у санктуарыі ў Гудагаі сабраліся пілігрымы з розных мясцовасцяў, вернікі з суседніх парафій і мясцовыя парафіяне, каб разам адзначыць адпуст Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
 
Перад пачаткам урачыстай святой Імшы прысутныя аб’ядналіся ў малітве падчас спеву Гадзінак аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, рыхтуючы свае сэрцы да літургіі.
 
На пачатку літургіі пробашч парафіі і кусташ санктуарыя айцец Аркадзь Куляха OCD звярнуўся да вернікаў са словамі прывітання і ўводзін у святую Эўхарыстыю. Ад імя кармэлітаў босых ён прывітаў удзельнікаў урачыстасці, якія сабраліся перад цудадзейным, каранаваным абразом Маці Божай Гудагайскай, каб разам праславіць Бога ў дзень Яе нараджэння. Святар нагадаў, што сёлета спаўняецца роўна 262 гады з таго дня, як у 1764 годзе цудадзейны абраз Маці Божай Гудагайскай быў урачыста ўнесены ў новапабудаваны драўляны касцёл і тут распачалі сваё служэнне кармэліты босыя. Пробашч выказаў словы ўдзячнасці сёстрам кармэліткам Дзіцятка Езус, мясцовым вернікам, якія сваёй малітвай і штодзённым клопатам сцерагуць святое месца, а также пілігрымам, якія ахвяравалі час і дарогу, каб прынесці да ног Божай Маці свае асабістыя інтэнцыі, просьбы і падзякі.
 
Кусташ прывітаў галоўнага цэлебранта – ксяндза каноніка Антонія Казлоўскага , дэкана Смаргонскага і пробашча парафіі ў Вішневе, які ўзначаліў урачыстую святую Імшу і прамовіў казанне, а таксама святароў, якія канцэлебравалі гэтую літургію: канонікаў Леанарда Станкоўскага з Солаў і Алега Шпеня з Дайлідак, Астравецкага дэкана і пробашча ў Міхалішках ксяндза Анатоля Захарэўскага , ксяндзоў пробашчаў Аляксандра Сямінскага з Кямелішак, Міколу Грахава са Свіра, Паўла Гардзейчыка з Жодзішак, Паўла Паўлікевіча з Барун, Віктара Захарэўскага з Варнянаў, Артура Ляшнеўскага з Жупран, а таксама ксяндзоў вікарыяў Віталія Валюка з Астраўца і Аляксандра Шыманскага з Мінскай архікатэдры.
 
Падчас казання ксёндз канонік Антоні Казлоўскі засяродзіў увагу на тэалагічным значэнні свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і глыбокім сэнсе Яе Імя: „Нараджэнне Марыі стала непасрэдным пачаткам спаўнення абяцанняў у гісторыі збаўлення, а Яе Імя з’яўляецца крыніцай надзеі і благаслаўлення для ўсяго Касцёла”. Звяртаючыся да прыкладу святых Яўхіма і Ганны, святар адзначыў, як штодзённы бацькоўскі клопат, сумеснае пазнанне Бога і атмасфера даверу ў сям'і фармуюць асобу дзіцяці. Гэтае бацькоўскае выхаванне прынесла духоўны плён у хвіліну Звеставання, калі Марыя змагла адказаць Богу свядомай і цвёрдай згодай.
 
Апіраючыся на гэты прыклад, ксёндз Антоні звярнуўся да тэмы сучаснага выхавання дзяцей і адказнасці бацькоў за перадачу веры. Паколькі ў сучасным свеце бацькі самастойна не заўсёды ў стане перадаць дзецям усю глыбіню праўдаў веры, узрастае роля катэхізацыі ў парафіі. Святар нагадаў пра важнасць клопату аб удзеле дзяцей у парафіяльнай катэхізацыі, а таксама аб духоўным суправаджэнні студэнтаў падчас іх навучання ў вышэйшых навучальных установах.
 
Ксяндз Антоні зрабіў трапнае параўнанне з развіццём чалавека: „недастаткова, каб дзіця проста навучылася чытаць, пісаць і лічыць. Клопат пра яго будучыню патрабуе больш глыбокіх ведаў, таму бацькі і клапоцяцца, каб яно атрымала поўную адукацыю ў старэйшых класах і вышэйшых навучальных установах. Гэтак сама і ў рэлігійным жыцці чалавеку не можа быць дастаткова толькі першапачатковай падрыхтоўкі да Першай святой Камуніі. Хрысціянскае сталенне патрабуе пастаяннага і бесперапыннага паглыблення ведаў пра Бога на працягу ўсяго жыцця, і гэты абавязак павінен стаць унутранай патрэбай і адказнасцю кожнай веруючай сям’і”.
 
Паводле даўняй традыцыі каталіцкіх фэстаў, урачыстае набажэнства завяршылася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту , перад якім усе прысутныя разам прамовілі Ларэтанскую літанію. Пасля распачалася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, якую ўзначаліў ксёндз Павел Гардзейчык . Пад перазвон званоў парафіяне і пілігрымы славілі Бога супольным спевам, а ў касцёле прагучаў гімн «Цябе, Бога, праслаўляем».
 
Пасля заканчэння літургіі айцец Аркадзь Куляха OCD выказаў падзяку ўсім удзельнікам за супольную малітву і запрасіў на Крыжовы шлях на Гудагайскай Кальварыі, які адбудзецца ў наступную нядзелю, 13 верасня, пасля святой Імшы ў 11:30.
 
Гудагайскі санктуарый заўсёды адкрыты для тых, хто жадае адпачыць сярод прыгожай захапляльнай прыроды, паразважаць у цішыні і памаліцца перад цудадзейным абразом Божай Маці. Духоўнае служэнне тут здзяйсняюць кармэліти босыя: настаяцель кляштара і пробашч парафіі айцец Аркадзь Куляха, першы радца супольнасці і вікарый айцец Ігнат Падарэцкі, а таксама вікарый айцец Казімір Мараўскі. У парафіі служаць і сёстры кармэліткі Дзіцяткі Езус.
 
Маці Божая Гудагайская, маліся за нас!
 
ак
Фота: с. Тэрэзина Стэх

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave