19–20 ліпеня 2025 года ў санктуарыі Маці Божай Гудагайскай адбыліся традыцыйныя адпустовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай. Яны сабралі пілігрымаў з розных куткоў Беларусі і замежжа, святароў, кансэкраваных асоб, моладзь і вернікаў, якія шукаюць духоўнага ўмацавання.
Свята распачаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў святую Імшу і прамовіў гамілію. Сярод канцэлебрантаў былі метрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч, апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гайэк, рэгіянальны вікарый кармэлітаў босых у Беларусі айцец Пётр Фроштэга ды іншыя святары. Пілігрымаў прывітаў кусташ санктуарыя і пробашч парафіі ў Гудагаі - айцец Аркадзь Куляха.
У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі, спасылаючыся на гімн Flos Carmeli, назваў Гудагай «зямлёй, выбранай Богам». Ён падкрэсліў значэнне юбілейнага года хрысціянства і дэвізу «Пілігрымы надзеі», заклікаючы да прабачэння, духоўнай салідарнасці і пераадолення сучасных ідэалогій, у тым ліку childfree. «Вы - надзея Касцёла і сучаснага свету. Не саромейцеся рабіць дабро!» - заклікаў біскуп. Літургію ўпрыгожылі спевы гурта Verbum Dei, які атрымаў ад біскупа сімвалічныя падарункі - «петушкі», купленыя на фэсце.
Пасля Святой Імшы а 18:00 грэка-каталіцкая супольнасць з Брэста разам з мноствам вернікаў сабралася ў касцёле на малітоўнае набажэнства, падчас якога быў урачыста выкананы Акафіст у гонар Багародзіцы. Набажэнства ўзначалбвалі біскуп Юрый Касабуцкі, біскуп Алег Буткевіч і архімандрыт Сяргей Гайэк, што надало падзеі асаблівую духоўную глыбіню.
А 20:00 пад кіраўніцтвам біскупа Алега Буткевіча прайшла Крыжовая Дарога на мясцовай Кальварыі. Маляўнічы маршрут даўжынёй 3,5 км праходзіў праз палі, пагоркі і лясы, заканчваючыся на могілках. Разважанні да станцый падрыхтавала маладая пара Аліна і Юрый, якія рыхтуюцца неўзабаве прымуць сакрамэнт шлюбу. глыбокія і кранальныя тэксты, а таксама спевы, якія выконвала арганістка гудагайскай парафіі Жана Грамбоўская разам з сябрамі, надалі набажэнству асаблівы малітоўны настрой.
Перад Святой Імшой ноччу прайшлі традыцыйнай працэсіяй святла вакол касцёла і могілак, падчас якой неслі абраз Маці Божай Гудагайскай. Нягледзячы на моцны дождж, вернікі масава ўдзельнічалі ў Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. У гаміліі ён спаслаўся на сімволіку гары як знак духоўнага росту, узгадаўшы містыкаў св. Яна ад Крыжа і св. Тэрэзу ад Езуса. Біскуп Алег нагадаў, што шкаплер - не амулет, а знак супрацоўніцтва з Божай ласкай. Вернік, які носіць яго з верай, знаходзіцца «паміж Сэрцамі Езуса і Марыі».
Усю ноч працягвалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Група вернікаў з супольнасці Maris Stella праводзіла чатыры часткі ружанца з разважаннямі і музычным суправаджэннем.
У нядзелю а 10:00 святую Імшу на польскай мове ўзначаліў першы ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч, прызначаны папам Янам Паўлам ІІ у 1991 годзе. Ён перадаў духоўнае прывітанне ад цяперашняга ардынарыя дыяцэзіі біскупа Уладзіміра Гуляя. У казанні Біскуп гаварыў пра каштоўнасць шкаплера і духоўнасць Маці Божай Шкаплернай, заклікаючы да жыцця паводле Евангелля.
Кульмінацыяй адпусту стала Імша пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які нагадаў пра 35-годдзе аднаўлення служэння кармэлітаў у Гудагаі і заклікаў да духоўнага абуджэння: «Куды мы ідзем з пустымі калыскамі?» - з болем спытаў ён. Арцыбіскуп асудзіў маральную дэградацыю, гендарную ідэалогію, працагалізм і культ фальшывых багоў. «Беларусь - любая Айчына! Не бойся Бога! Скажы Яму “так” - і разам з Марыяй спявай Magnificat» - завяршыў арцыбіскуп.
У ўрачыстасцях удзельнічалі таксама прадстаўнікі мясцовых уладаў: старшыня Астравецкага раённага Савета дэпутатаў - Генадзь Паўлавіч Бычко і старшыня Гудагайскага сельсавета - Уладзімір Іосіфавіч Барысевіч. Генадзь Паўлавіч павіншаваў сабраных з нагоды адпусту, а кармэлітаў - з 35-годдзем аднаўлення іх служэння ў санктуарыі. Ён пажадаў Божага благаслаўлення і апекі Маці Божай усім, хто наведвае Гудагайскі санктуарый, падкрэсліўшы яго духоўнае і культурнае значэнне для ўсяго раёна.
На заканчэнне кусташ санктуарыя падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы, арганізацыі і правядзенні адпустовых урачыстасцяў, выказваючы ўдзячнасць за супольную малітву і запрасіў усіх да далейшага наведвання Гудагайскага санктуарыя - месца ласкі, супакою і духоўнага ўзбагачэння.
Падчас фэсту шмат-хто прыняў кармэліцкі шкаплер з рук мясцовага душпастыра айца Ігната Падарэцкага.
Тэкст: Аркадзь Куляха OCD
Фота: Ірэна Ахрамовіч
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave