04/04/21

Велікодная нядзеля

Евангелле (Ян 20, 1-9)

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: “Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго”.

Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.

 

Каментарый

“Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна”. Бачым мудрасць той, якая шукае. Бо Марыя шукала ў магіле Віноўніка ўсяго – Таго, чыё мёртвае цела яна бачыла.

Было яшчэ цёмна, калі яна прыйшла да магілы, і, паколькі не знайшла Яго, то падумала: можа Яго ўкралі? Яна пабегла і абвясціла вучням. Пётр і Ян “пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы”, аднак не адважыўся ўвайсці. А Пётр прыйшоў пазней і ўвайшоў. Што гэта значыць?

Што сімвалізуе Ян, калі не юдэйскую сінагогу; а што Пётр - калі не Касцёл язычнікаў? Яны пабеглі абодва разам, аднолькавым і агульным шляхам, хоць не з аднолькавым сэнсам, – “язычніцтва” бегла з “сінагогай”. “Сінагога” прыйшла першай да магілы, але не ўвайшла; таму што яна,  хоць і прыняла запаведзі закона, хоць і выслухала прароцтвы пра ўцелаўленне і цярпенні Пана, не захацела, аднак, верыць у Памерлага. У што паверыў Ян? Ці ж у тое, што Пан Езус, Якога ён шукаў, уваскрос? – Не; таму што навокал магілы была яшчэ цемра; ды і далейшыя словы Евангелля супярэчаць гэтаму, калі гаворыцца: “Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых”.

Што ж яны ўбачылі і ў што паверылі? Яны ўбачылі “палотны, якія там ляжалі”, і паверылі таму, што сказала жанчына, – нібыта “забралі Пана з магілы”. Сэрцы вучняў і разгараюцца да таго, каб шукаць, і ахалоджваюцца, каб не знайсці. Бо слабасць душы, змучанай сваім смуткам, робіць яе чысцейшай, здольнай прыняць знойдзенае; і яна тым мацней трымае, калі знойдзе, чым больш павольна прыняла тое, чаго шукала.

(Св. Грыгорый Вялікі,

папа і доктар Касцёла, 540-604 гг.)

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave