14 мая ў свята св. Мацея Апостала ў клятары кармэлітаў босых у Нарачы адбыўся дзень духоўных разважанняў для законнікаў рэгіянальнага вікарыята братоў босых Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль у Беларусі. Прыбылі на гэтую сустрэчу браты з усіх беларускіх супольнасцяў, каб разам пабыць, памаліцца і паразважаць над Божым словам.
Сустрэча распачалася малітвай Літургіі Гадзінаў. Духоўныя канферэнцыі і гамілію прамовіў запрошаны святар а. Конрад Патыка SVD з кангрэгацыі айцоў Вербістаў, які працуе ў Баранавічах і з’яўляецца пробашчам парафіі Маці Божай Фацімскай. У першай канферэнцыі святар засяродзіў увагу на асобе св. Юзафа з нагоды году, прысвечанаму ў Касцёле гэтаму Святому. Падкрэсліў яго важныя рысы, такія як адкрытасць на Божую волю, справядлівасць, паслухмянасць, вельмі неабходныя ў служэнні манаха і святара. Св. Імшу ў нарачанскай святыні ўзначаліў рэгіянальны Вікарый кармэлітаў босых у Беларусі а. Пётр Фраштэга. У гаміліі а. Конрад падкрэсліў важнасць адкрытасці на дзеянне Духа Святога ў жыцці і служэнні на прыкладзе выбару св. Мацея ў шэраг Апосталаў, а таксама паставіў у прыклад гэтага святога, які без ваганняў стаўся актыўным сведкам уваскрослага Хрыста праз прапаведаванне Божага слова.
Пасля абеду браты супольна памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці. У другой канферэнцыі а. Конрад узняў тэму хрысціянскай радасці, якой вельмі часта не хапае ў сучасным святарскім і манаскім служэнні. Цікава, што пасля першай і другой канферэнцый кожны з братоў атрымаў картку з фрагментамі са Святога Пісання і пытаннямі, што датычылі асобы св. Юзафа і цноты радасці, каб асабіста ў сэрцы альбо пісьмова паразважаць на прадстаўленыя тэмы.
Закончылася сустрэча супольнай малітвай медытацыі ў прысутнасці Езуса Хрыста ў выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце.
А. Юрый Кулай OCD
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave