28 мая завяршыў сваю працу ІІІ Капітулярны кангрэс Рэгіянальнага вікарыяту святога Рафаіла Каліноўскага ордэна кармэлітаў босых у Беларусі. Трэці дзень форуму быў напоўнены супольнай малітвай, выбарамі дарадчыкаў Вікарыяту і настаяцеляў кляштараў, шчырымі размовамі, а таксама падвядзеннем вынікаў працы.
Святая Імша і братэрскае служэнне
Заключны дзень працы кангрэсу распачаўся з літургічнай малітвы Ютранні і супольнай медытацыі, якія падрыхтавалі братоў да цэнтральнай падзеі раніцы - святой Імшы. Эўхарыстычную цэлебрацыю ўзначаліў новавыбраны Рэгіянальны вікарый айцец Генрых Валэйка. Глыбокі эклезіяльны кантэст гэтай літургіі задавала свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, якое адзначалася ў гэты дзень.
Багатая літургія слова стала трывалым падмуркам для асэнсавання манаскага паклікання. Праз першае чытанне з Паслання да Габрэяў перэд удзельнікамі форуму раскрылася таямніца ахвярнасці Сына Божага, Які прынёс Сябе за грахі свету. Матыў адзінай і вечнай ахвяры Новага Запавету знайшоў сваё рэха ў словах рэспансарыйнага псальма і спеву перад Евангеллем, якія абвясцілі глыбокую праўду святарскага паклікання: “Ты святар навекі на ўзор Мелхіседэка”.
У сваёй гаміліі айцец Генрых засяродзіў увагу на сутнасці святарскай ідэнтычнасці ў святле Хрыстовага служэння. Крочачы за літургічнымі тэкстамі, цэлебрант нагадаў братам, што Хрыстус, устанавіўшы Сакрамэнт Эўхарыстыі, паклікаў сваіх вучняў да ўдзелу ў Ягоным Келіху. Гэты Келіх - не толькі знак выбрання, але і гатоўнасць да супольнага ахвяравання. Як святары, мы штодзённа стаім перад алтаром у гэтым ахвярным служэнні. На заканчэнне гаміліі Рэгіянальны вікарый паставіў перад супольнасцю выразны аскетычны акцэнт, адзначыўшы, што шлях да хрысціянскай дасканаласці вядзе праз поўную адданасць Богу, калі мы жывём дзеля Яго ва ўсім. Менавіта там, дзе ёсць прабачэнне грахоў, нараджаецца сапраўдная, трывалая згода.
ІІІ Сесія: Выбары дарадчыкаў Вікарыяту і праца ў групах
Пасля супольнай Эўхарыстыі і снедання распачалося пасяджэнне ІІІ сесіі кангрэсу. Браты заслухалі і зацвердзілі пратакол папярэдняга дня, пасля чаго прыступілі да выбараў дарадчыкаў, якія на працягу наступнага трохгоддзя будуць дапамагаць Рэгіянальнаму вікарыю ў служэнні кіравання.
У склад Рады былі выбраны а. Юрый Кулай і а. Павел Герман.
Наступны этап працы прайшоў у групах, дзе браты засяродзіліся на актуальных пытаннях жыцця паводле кармэліцкага харызмату. Удзельнікі глядзелі ў мінулае, каб убачыць і захаваць усё добрае, аналізавалі сучаснасць і разважалі, на чым трэба зрабіць акцэнт у будучыні. Падчас агульнай дыскусіі браты абмеркавалі існуючыя праблемы і шукалі спосабы іх выпраўлення. Пасля падсумавання працы ўдзельнікі кангрэсу памаліліся Гадзіну чытанняў, Малітву апоўдні і «Анёл Панскі».
Выбары настаяцеляў супольнасцяў і заключнае пасяджэнне
Пасля абедзеннага перапынку праца форуму працягнулася ў межах IV Сесіі, падчас якой адбыліся выбары настаяцеляў мясцовых манаскіх супольнасцяў Рэгіянальнага Вікарыяту на наступнае трохгоддзе.
Па выніках галасавання настаяцелямі ў кляштарах былі выбраны:
Завяршыўшы выбары, браты разгледзелі бягучыя справы Вікарыяту. Далейшая праграма дня ўключала супольную вячэрнюю медытацыю і Нешпары ў капліцы.
На заключным пасяджэнні адбылося прачытанне і прыняцце выніковага пратаколу, пасля чаго ІІІ Капітулярны кангрэс быў афіцыйна закрыты. Завяршэннем працы форуму стала супольная рэкрэацыя братоў.
ІІІ Капітулярны кангрэс у Мядзелі ахапіў тры дні супольнай малітвы і працы братоў кармэлітаў босых. На працягу першага дня сустрэчы Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў святую Імшу, прамовіў гамілію і дзве канферэнцыі, якія дапамаглі братам духоўна падрыхтавацца да працы форуму. Гэты дзень таксама быў напоўнены супольнай медытацыяй і адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Другі дзень быў прысвечаны справаздачам аб жыцці Вікарыяту і выбару новага Рэгіянальнага вікарыя, якім стаў айцец Генрых Валэйка. Заключны, трэці дзень завяршыў абнаўленне Рады Вікарыяту абраннем дарадчыкаў і прызначэннем новых настаяцеляў для кляштараў ордэна ў Беларусі. Вартасным былі супольныя абмеркаванні і дыялог.
Просім Цябе, Пане Божа, адары ўвесь беларускі Кармэль і людзей, якім служым Тваёй нябеснай мудрасцю, духоўнай моцай і святлом Духа Святога.
Найсвяцейшая Панна Марыя, Каралева Кармэлю, атулі нас Тваёй мацярынскай апекай.
Святы Рафале Каліноўскі, будзь нашым нябесным заступнікам.
Няхай нашае манаскае служэнне прыносіць багатыя духоўныя плады дзеля Тваёй славы. Амэн.
Тэкст: Аркадзь Куляха OCD
Фота: Аркадзь Куляха OCD, Ігнат Падарэцкі OCD
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave