20/11/2026

Кармэліты босыя адзначылі свята святога Рафала Каліноўскага – апекуна Рэгіянальнага вікарыята

20 лістапада 2026 г. у Мядзелі адбылася сустрэча кармэлітаў босых, якія нясуць служэнне ў Рэгіянальным вікарыяце ў Беларусі. На супольную малітву і братэрскае спатканне прыехалі браты з усіх чатырох манаскіх супольнасцяў з Гудагая, Нарачы, Мядзела і мінскага мікрараёна Ангарская. Сустрэча была прымеркавана да літургічнага ўспаміну святога Рафала Каліноўскага — галоўнага апекуна кармэлітаў босых у Беларусі.

Дзень распачаўся малітвай Літургіі гадзінаў. Пасля яе браты выслухалі духоўную канферэнцыю ксяндза доктара Андрэя Лысага TChr з Мінска. Святар гаварыў пра братэрства ў манаскай сям’і і прапанаваў прыгледзецца да постацяў, якія фармуюць духоўнасць Кармэлю.

Найсвяцейшую Панну Марыю ён паказаў як узор для манахащ, бо менавіта вакол Яе браты збіраюцца і яднаюць сваё штодзённае жыццё. Святога прарока Іллю святар прадставіў як чалавека, які няспынна жыве ў прысутнасці Бога і сведчыць пра Яго. Асобна ксёндз Андрэй спыніўся на вялікіх постацях Кармэлю. Нагадаў пра святую Тэрэзу ад Езуса — настаўніцу духоўнага жыцця, якая вучыць трываць у еднасці з любячым Богам; пра святога Яна ад Крыжа з ягонай перасцярогай, што на схіле веку судзіць нас будуць паводле любові; ды пра святую Тэрэзу ад Дзіцяткі Езуса, што адкрыла шлях да святасці праз вернасць у малых справах.

Гаворачы пра будні манаскай супольнасці, прапаведнік заахвоціў братоў да ўзаемнага прабачэння: не насіць у сэрцы даўніх крыўдаў і не вяртацца думкамі да мінулых памылак, што часам цяжарам цягнуцца за чалавекам, а з надзеяй глядзець наперад і трываць у еднасці з Богам. Напрыканцы канферэнцыі ён пажадаў усім верна сцерагчы дар паклікання і нястомна падтрымліваць адзін аднаго ў малітве ды штодзённым жыцці.

Пасля канферэнцыі браты памаліліся ў цішыні падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Затым цэлебравалі святую Імшу, якую ўзначаліў ксёндз Андрэй. У гаміліі, разважаючы над літургічнымі чытаннямі дня, святар нагадаў пра скрутак Божага слова з Апакаліпсіса, які горкі ў нутры: Божае слова заўсёды дзейснае, і хоць яно часам балюча выкрывае нашыя слабасці і грахі, яго трэба глыбока засвоіць, каб пасля дзяліцца ім з іншымі. Таксама святар згадаў ачышчэнне святыні, калі Езус, спасылаючыся на прарокаў, нагадаў, што дом Божы — гэта дом малітвы для ўсіх народаў, а не пячора разбойнікаў. У гэтым жэсце гучыць прарочы заклік вярнуць святыні яе сапраўднае прызначэнне — быць месцам сустрэчы чалавека з Бога.

Завяршылася сустрэча супольным абедам і рэкрэацыяй.

Святы Рафал Каліноўскі (1835–1907) звязаны з беларускай зямлёй сваімі каранямі і жыццёвым шляхам: бацька будучага святога паходзіў з Гродзеншчыны, а маці з Міншчыны. Нарадзіўся ён у Вільні, вучыўся ў Горках, затым скончыў вайсковую акадэмію ў Пецярбургу і служыў вайсковым інжынерам у Брэсце. Там пасля доўгага перыяду духоўнага пошуку ён перажыў глыбокае навяртанне і вярнуўся да сакрамэнтальнага жыцця. За ўдзел у паўстанні 1863 года быў сасланы на дзесяцігадовую катаргу ў Сібір. Вызваліўшыся, уступіў у Ордэн кармэлітаў босых, прыняў святарскае пасвячэнне і адрадзіў ордэн у Галіцыі, праславіўшыся як руплівы спаведнік і духоўны кіраўнік.

 

Тэкст: Аркадзь Куляха OCD

Фота: Юрый Находка OCD

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave