Паважаныя ўдзельнікі кангрэса!
Тэма нашай сённяшняй сустрэчы - “Маці Божая і Ружанец у кармэліцкай духоўнасці”. У гэтым кантэксце постаць святога Рафала Каліноўскага выклікае асаблівую цікавасць, бо яго жыццёвы шлях дазваляе нам убачыць, як марыйная духоўнасць расла і фарміравалася праз канкрэтныя, часта драматычныя абставіны - ад ранняй страты маці праз балючы крызіс веры, доўгае сібірскае выгнанне і аж да канчатковага, поўнага аддання сябе Богу ў Кармэлі.
Юзаф Каліноўскі нарадзіўся 1 верасня 1835 года ў Вільні, у шляхецкай сям’і Андрэя Каліноўскага і Юзэфы Палонскай. Маці памерла ад сухотаў праз некалькі дзён пасля яго нараджэння. Агульнавядома, што дзіця, якое расце без маці, асабліва востра адчувае патрэбу ў мацярынскай любові. У выпадку Каліноўскага гэтая патрэба, відаць, знайшла здзяйсненне ў яго адданасці Найсвяцейшай Панне Марыі. Сам святы пазней напіша ў сваіх успамінах, разважаючы над гэтым вопытам, што “сэрца бацькоў на зямлі ніхто, акрамя Бога, замяніць не можа”[1].
Марыйная пабожнасць Каліноўскага расла ў глыбока рэлігійнай сям’і. Яго, немаўля, насіла да Вастрабрамскай капліцы няня, а пазней, ужо хлопчыкам, хадзіў туды сам. Там Юзаф углядаўся ў твар Мадонны, шанаванай як Маці Божая Міласэрнасці. Тут пачало фарміравацца яго стаўленне да Марыі. Яно расло ўсё жыццё: Пецярбург, Сібір, Кармэль. Марыя была для Каліноўскага жывой Асобай, якая вяла яго да Хрыста.
У 1843 годзе, ва ўзросце васьмі гадоў, Юзаф паступіў у Шляхецкі інстытут у Вільні. Гэта быў былы кляштар дамініканаў, які пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта ў 1832 годзе ператварылі ў закрытую навучальную ўстанову для дзяцей шляхецкага паходжання. Афіцыйна ў справаводстве і на ўроках панавала руская мова, але сярод прадметаў не абміналі і іншых моў - французскай, лацінскай, нямецкай, польскай.
Рэлігійнае выхаванне стаяла на высокім узроўні. Выхаванцы спавядаліся, кожную нядзелю хадзілі на Імшу ў касцёл Святога Духа, удзельнічалі ў працэсіях і рэкалекцыях перад Божым Нараджэннем і Вялікаднем. Капеланам быў дамініканін, якога выхаванцы шчыра паважалі. Знешне ўсё выглядала бездакорна.
Але праз гады Каліноўскі напіша з унутранай шчырасцю: “З рэлігійнага пункту гледжання нам усяго было ўдосталь, хіба што не хапала нашай добрай волі”[2]. Юзаф вучыўся з належнай руплівасцю, і праца ягоная не засталася без узнагароды: пасля сямі гадоў навучання ён скончыў інстытут з залатым медалём, а ягонае імя выбілі на мармуровай дошцы.
А потым Юзаф задумаўся пра духоўную семінарыю ў Вільні. Пазней ён прызнаецца: “Сапраўды, узважыўшы некаторыя акалічнасці, я павінен быў пастарацца паступіць у духоўную семінарыю ў Вільні. А што я гэтага не зрабіў, значная частка жыцця, а галоўнае - гады маладога ўзросту - паламаліся на кавалкі, якіх ужо не сабраць, сталіся без карысці для мяне і для бліжніх і ў марнасць абярнуліся”[3].
Пасля заканчэння Шляхецкага інстытута перад Юзафам паўстала пытанне: куды ісці вучыцца далей, бо ўніверсітэт у Вільні зачынілі. Старэйшы брат Віктар, які вучыўся разам з ім, схіляўся да гаспадаркі. Бацька параіў абодвум сынам паступіць у Аграрны інстытут у Горах-Горках, каля Оршы, - першую ў Расійскай імперыі вышэйшую сельскагаспадарчую ўстанову з правамі ўніверсітэта[4]. Віктар ахвотна пагадзіўся, Юзаф жа вагаўся: меў большыя здольнасці да дакладных навук. Нягледзячы на сумненні, усё ж вырашыў паспрабаваць, і абодва браты выехалі ў Горы-Горкі ў 1850 годзе.
Але ўжо праз два гады стала ясна: аграномія не ягоная справа. Ён не меў да яе ніякай схільнасці. Пагадзіўшыся з бацькам, Юзаф пакінуў Горы-Горкі і адправіўся ў Пецярбург, дзе паступіў у Мікалаеўскую інжынерную акадэмію. Віктар жа застаўся ў Аграрным інстытуце.
Жыць далёка ад родных аказалася вельмі нялёгка: трэба было кватараць у габрэяў, якіх на той час у гэтым мястэчку жыло найбольш, да заняткаў студэнтам трэба было ісці няблізкі шлях, а вольны ад інстытута час яны не заўсёды праводзілі годна.
Але не гэта стала галоўным. Побач быў парафіяльны касцёл, дзе служылі святары. Аднак, як пазней прызнаецца сам Каліноўскі, паміж духавенствам і вучнямі не было жывога кантакту: “…не хапала непасрэднага ўплыву, і ў паўсядзённым жыцці мы заставаліся ў поўнай адасобленасці ад духавенства”[5]. Катэхізацыя магла здавацца навучальным прадметам, а не жывой рэальнасцю, якая ўвасабляецца ў канкрэтных людзях.
Вынік не прымусіў сябе чакаць. У “Успамінах” Каліноўскі піша: “Касцёльныя практыкі я занядбаў, але то тут, то там у маёй душы моцна, хоць і пераходна, прачыналася імкненне да ўнутранай пабожнасці. Я, аднак, не быў верны гэтаму голасу”[6]. Ён перастаў спавядацца, нярэгулярна прыходзіў на святую Імшу. Цягнулася гэта амаль дзесяць гадоў. Але сувязь з Богам не была цалкам разарваная - яна аслабла.
Такім чынам, гады ў Горах-Горках сталі для Каліноўскага часам аслаблення рэлігійнага жыцця. Аднак нават у гэты перыяд ён не быў цалкам пакінуты. Марыя, як Маці ўсіх ахрышчаных, не перастае клапаціцца пра сваіх дзяцей, нават калі яны не ўсведамляюць Яе прысутнасці. Яе мацярынская апека суправаджае чалавека праз усё жыццё - ад хросту да смерці. Таму гэтыя гады былі не столькі адыходам ад Бога, колькі часам, калі Яна ціха чакала свайго сына, каб вярнуць яго да Хрыста.
Пасля двух гадоў у Аграрным інстытуце Каліноўскі зразумеў, што аграномія не ягоная справа. За згодай бацькі ён пакінуў Горы-Горкі і адправіўся ў Пецярбург. Там паступіў у інжынерную школу, дзе і адбыўся яго глыбокі духоўны пералом.
У “Успамінах” ён апісвае выпадак, які стаў сімвалам гэтага стану: “Калі я праязджаў першы раз у Пецярбургу перад касцёлам св. Станіслава, прыйшла мне думка затрымацца. Увайшоў і ўкленчыў, як сёння памятаю, каля канфесіянала, каб паспавядацца; на жаль, святара не было, канфесіянал быў пусты, у касцёле нікога не было, і незразумелы плач агарнуў мяне. Нейкая туга паглынала ўсю істоту”[7]. Пасля гэтага ён не спавядаўся аж да 1863 года.
Доўгі пошук скончыўся 15 жніўня 1863 года, у свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, калі ён пайшоў да споведзі ў касцёле місіянераў у Вільні[8]. Дзень ён выбраў не выпадкова. У “Успамінах” ён прызнаецца: “…асабліва прачыналася пачуццё даверу да заступніцтва Найсвяцейшай Маці… Якое ўсемагутнае заступніцтва Найсвяцейшай Панны”[9].
Пра гэты час потым напіша: “Што Богу было ўгодным здзейсніць у маёй душы ў хвіліны, якія я правёў каля ног спаведніка, можа зразумець толькі той, хто падобныя хвіліны зведаў”[10]. З гэтага моманту штотыднёвая споведзь, частая Святая Камунія і ўдзел у святой Імшы здзейснілі ў яго душы канчатковае перамяненне.
Пасля заканчэння Мікалаеўскай інжынернай акадэміі ў Пецярбургу ў 1855 годзе Каліноўскі атрымаў чын інжынера-падпаручніка і застаўся ў акадэміі выкладаць матэматыку. У 1856 годзе стаў падпаручнікам, а ў 1857-м - паручнікам. У 1859 годзе пакінуў акадэмію і ўзяўся за праектаванне чыгуначнай лініі Адэса - Кіеў - Курск. У 1860 годзе атрымаў прызначэнне ў Брэсцкую фартэцыю на работы па ўмацаванні, а ў 1862 годзе даслужыўся да капітана.
У 1863 годзе пачалося Студзеньскае паўстанне. Юзаф Каліноўскі, які на той час быў капітанам расійскай арміі, падаў у адстаўку, не жадаючы ваяваць супраць сваіх. Ён аддаў сябе ў распараджэнне паўстанцкага ўрада і заняў пасаду кіраўніка ваеннага аддзела ў Выканаўчым аддзеле Літвы. Галоўным лідарам паўстання на беларуска-літоўскіх землях быў Кастусь Каліноўскі - не сваяк Юзафа, а толькі аднафамілец. У баях Юзаф не ўдзельнічаў, але займаўся арганізацыяй атрадаў і іх забеспячэннем.
Паўстанне пацярпела паражэнне. У сакавіку 1864 года арыштавалі і Юзафа. Яго пасадзілі ў турму, уладкаваную ў паддамініканскім кляштары ў Вільні. Там ён чакаў прысуду. Раніцай, хоць і здалёк, слухаў Імшу, потым чытаў і разважаў пра Муку Пана. Штодзённа спяваў Ларэтанскую літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі і малітву “Тваёй абароне”. Гэтая малітва суправаджала яго і тады, калі вялі на допыты. Нягледзячы на цяжкія ўмовы, ён захоўваў унутраны спакой і рыхтаваўся да смерці.
Каліноўскага асудзілі на расстрэл. Але Мураўёў, баючыся, што ён стане мучанікам у вачах народа, пагадзіўся на замену пакарання. Немалую ролю ў гэтым адыгралі хадайніцтвы сям’і, асабліва мачахі, Зоф’і з Путкамераў. Прысуд быў заменены на дзесяць гадоў катаргі ў Сібіры.
Этапная дарога заняла амаль год. Каліноўскі апынуўся ва Усоллі Іркуцкай губерні, дзе працаваў на саляварным заводзе.
Шматгадовая катарга стала дарогай праз пакуты. Многія не вытрымалі і страцілі веру. Каліноўскі не толькі вытрываў сам, але і падтрымліваў іншых. Яго трымала вера ў Бога. Побач з ім была Маці Божая - заступніца і прыклад вернасці. Разам з іншымі ссыльнымі ён праводзіў маёўкі. Шкадаваў толькі, што з-за суровага сібірскага клімату не маглі ў маі годна ўпрыгожыць кветкамі алтарык Маці Божай. У адным з лістоў ён напісаў: “Нездарма Касцёл ставіць нам Маці Найсвяцейшую як Каралеву Пакутнікаў, за ўзор да наследавання”[11].
У лагеры ссыльныя абралі Юзафа адным з суддзяў. Ён стараўся дапамагаць іншым і фізічна: займаўся ўборкай, вырошчваў зеляніну ў мясцовым агародчыку. Сіла волі і моц духу Каліноўскага былі для яго сяброў па нядолі палёгкай і апорай. Ён дапамагаў ссыльным вырашаць розныя праблемы, для дзяцей і моладзі арганізоўваў нядзельныя школы.
Калі царскія ўлады выдалілі з Усолля святароў за тайныя рэлігійныя дзеянні, застаўся адзін пажылы ксёндз Стульгінскі. Разам з ім Каліноўскі, як і іншыя выгнаннікі, рыхтаваў тайныя набажэнствы і падтрымліваў духоўнае жыццё пакараных. У нейкай ступені ён замяніў ім святароў і духоўных кіраўнікоў.
Ссыльныя ў сваіх малітвах дадавалі ў Літанію да ўсіх святых заклік: “Праз малітву Каліноўскага, выслухай нас, Пане”[12]. У гэты цяжкі час ён маліўся: “Божа, калі я павінен жыць, то ўчыні, каб ужо толькі дзеля Цябе жыў праз учынкі, здзейсненыя з любові да Цябе”[13].
Ва Усоллі Юзаф развіваў сваё жыццё малітвы, разумеючы, што гэта найкаштоўнейшы дар. Ён пісаў сваім родным: “Свет можа пазбавіць мяне ўсяго, аднак застанецца адно сховішча, недаступнае яму, - малітва. У ёй можна змясціць мінулае, сучаснасць і будучыню ў постаці надзеі. Божа, якім скарбам надзяляеш тых, хто Табе давярае!”[14].
У ліпені 1868 года царская амністыя дазволіла ссыльным перасяляцца ў розныя мясцовасці Сібіры. Юзаф выбраў Іркуцк. Там ён прабыў чатыры гады. Штодзённа раніцай удзельнічаў у святой Імшы, доўга маліўся ў касцёле, прымаў Святую Камунію. У 1872 годзе атрымаў дазвол уладаў на выезд у іншую частку Расіі і паехаў у Перм, дзе знайшоў працу хатняга настаўніка. У Пермі ён пражыў год, што дало яму магчымасць наведваць касцёл, жыць на плябаніі і кантактаваць са святарамі. Пробашч Міхал Фішэр пазней пісаў да Юзафа: “Пасля вашага ад’езду мне сумна… Мне было вельмі прыемна з вамі маліцца, чытаць і разважаць”[15].
У чэрвені 1873 года, атрымаўшы ад уладаў дазвол на двухмесячны адпачынак, ён выправіўся ў родныя мясціны. Юзаф спачатку наведаў свайго брата Віктара, які жыў з сям’ёй у Студзёнках, каля Гарадзеі, а пазней паехаў да бацькоў у маёнтак Грозава Слуцкага павета Мінскай губерні, дзе яны жылі ў той час. Ягоны малодшы брат Юрась, якому яшчэ не было 14 гадоў, запомніў з гэтай сустрэчы павагу Юзафа і засяроджанасць, а таксама яго няспынную лучнасць з Богам.
Пасля Каліноўскі адправіўся ў Чэнстахову, каб падзякаваць Маці Божай за вызваленне. Ён сам пісаў ва ўспамінах: “Раніцай, яшчэ перад світаннем, быў у Чэнстахове, дзе знаходзіўся да поўдня, правёўшы там амаль увесь час на набажэнстве і агульным аглядзе Яснай Гары. Натоўпы людзей запаўнялі кожную прастору кляштарнага комплексу і касцёла. Ледзь не з небяспекай для жыцця дабраўся да капліцы Маці Божай, каб аддаць пашану нашай Заступніцы”[16].
Неўзабаве пасля гэтага Аляксандр Аскерка рэкамендаваў Каліноўскага князю Уладзіславу Чартарыйскаму, які шукаў гувернёра для свайго хворага сына Аўгуста. Каліноўскі доўга вагаўся: баяўся, што свецкія абавязкі адцягнуць яго ад манаскага шляху. Але пагадзіўся, бо гэта быў заробак, які мог падтрымаць бацькоў. У верасні 1874 года ён прыбыў у Сяняву - радавы маёнтак Чартарыйскіх у Падкарпацці, дзе пачаў выконваць свае абавязкі.
Каліноўскі стаў для Аўгуста не проста гувернёрам, але духоўным кіраўніком, які пакінуў глыбокі след у фарміраванні асобы хлопчыка. Яшчэ ў маладыя гады ў яго ўзнікла жаданне прысвяціць сябе Богу. Спачатку ён думаў пра духоўную семінарыю і святарства, але пазней, падчас арышту ў 1864 годзе, гэтае жаданне перарасло ў рашэнне стаць манахам. Ён схіляўся да капуцынаў.
Падчас працы гувернёрам ён пазнаёміўся з сястрой Ксавэрай Чартарыйскай, кармэліткай босай з Кракава, і падтрымліваў з ёй сувязь. У 1876 годзе яна даслала яму верш святой Тэрэзы ад Езуса Nada te turbe. У лісце да сям’і ў Вільню Каліноўскі сам пісаў пра гэта: “Я маю знак міласэрнасці і дабрыні Пана, які прынёс мне надзею і суцяшэнне праз людзей, пасвечаных Яму. Цётка Гуця, дастойная сястра Марыя Ксавэра ад Езуса… якую я бачыў толькі раз каля кратаў і якая мяне амаль не ведае, усяго некалькі дзён таму - менавіта тады, калі я менш за ўсё чакаў - даслала мне наступны верш серафічнай святой Тэрэзы:”Няхай нішто цябе не трывожыць, няхай нішто цябе не палохае. Усё мінае, Бог не змяняецца. Цярплівасць дасягае ўсяго. Хто мае Бога, той ні ў чым не мае патрэбы. Дастаткова толькі Бога”[17].
У тым жа годзе ён напісаў аўстрыйскаму правінцыялу кармэлітаў босых з просьбай прыняць яго ў ордэн і неўзабаве атрымаў станоўчы адказ. 15 ліпеня 1877 года, напярэдадні свята Маці Божай Шкаплернай, ён прыбыў у дом навіцыяту ў Грацы (Аўстрыя). Пасля чатырохмесячнага пастулату і атрымання дыспенсаў, 26 лістапада 1877 года ён прыняў манаскі габіт і імя брат Рафал ад св. Юзафа. З гэтага дня пачаўся яго навіцыят - год выпрабаванняў.
Магістрам навіцыяту быў айцец Тэрэзій, былы вайсковец, чалавек строгіх правілаў. Ён патрабаваў ад кандыдатаў шматлікіх аскетычных практык, і не кожны вытрымліваў. Пазней Каліноўскі прызнаваўся, што гэты год быў для яго цяжэйшы за сібірскую ссылку. Але ён вытрываў і 26 лістапада 1878 года склаў першыя шлюбы.
У пачатку 1878 года памерла яго сястра Марыя, а неўзабаве ў Грозаве памёр бацька Андрэй.
Пасля першых шлюбаў яго накіравалі ў Дзьёр, у Венгрыю, дзе ён правёў тры гады ў вывучэнні філасофіі і тэалогіі. Яго духоўным кіраўніком стаў айцец Себасцьян ад св. Антонія, які, бачачы схільнасць Каліноўскага да празмерных аскетычных практык, стрымліваў яго, клапоцячыся пра здароўе. У Дзьёры Каліноўскі знайшоў душэўны спакой. Яго здароўе палепшылася, а ў абыходжанні з братамі ён быў лагодны і сардэчны.
27 лістапада 1881 года ён склаў вечныя шлюбы. Праз месяц выехаў у Чэрну пад Кракавам. Там, у студзені 1882 года, біскуп Альбін Дунаеўскі пасвяціў яго ў дыяканы (8 студзеня) і прэзбітэры (15 студзеня). Так брат Рафал стаў святаром.
Марыя вяла яго да Кармэлю. Ён не сумняваўся ў гэтым і ў сваіх успамінах пакінуў сведчанне Яе кіраўніцтва. Яно праяўлялася праз усё яго жыццё: праз раннюю страту маці, праз пошук, праз выгнанне, праз сустрэчы з людзьмі, якія дапамагалі яму. Ён бачыў у сваім лёсе Яе мацярынскую руку - Маці, якая вядзе да Сына. Таму ўступленне ў Кармэль было не проста асабістым рашэннем, а адказам на пакліканне Бога, якое ён прыняў пад кіраўніцтвам Марыі.
Уступіўшы ў ордэн кармэлітаў босых, Каліноўскі знайшоў духоўную традыцыю, у якой Марыя была не дадаткам, а сэрцам харызмы. Яшчэ ў сярэднявеччы кармэліты выказвалі гэтую сутнасць свайго паклікання ў формуле “Totus marianus est Carmelus” - “Увесь Кармэль - марыйны”. Для чалавека, які прайшоў сібірскую катаргу і доўгі шлях духоўных пошукаў, гэтая традыцыя стала адказам на яго памкненні. У Кармэлі яна стала ладам яго жыцця.
У 1901 годзе ў Кракаве выйшла яго кніжка “Марыя заўсёды і ва ўсім”, якую ён напісаў пад уплывам лацінскай кнігі італьянскага езуіта Томаша Аўрыемы (XVII ст.) “Пастаянная памяць пра Найсвяцейшую Панну Марыю ў штодзённых учынках”[18]. Кніжка мела некалькі выданняў (1901, 1906, 1935), а ў пазнейшыя часы была перавыдадзена зноў. Назва “Марыя заўсёды і ва ўсім” утрымлівала квінтэсэнцыю яго марыйнай духоўнасці: прысутнасць Маці Божай у кожнай хвіліне і справе.
Прызначаны прыёрам супольнасці ў Чэрнай, ён аддаў сябе аднаўленню кармэліцкага жыцця, робячы гэта пад мацярынскай апекай Марыі. Засноўваў кляштары, быў спаведнікам кармэлітак, клапаціўся пра іх духоўны рост. У 1892 годзе ён заснаваў у Вадавіцах кляштар з ніжэйшай семінарыяй і стаў яе першым прыёрам. Найбольшай справай яго жыцця сталі споведзь і духоўнае кіраўніцтва. У цэлебрацыі сакрамэнту споведзі ён не меў сабе роўных, таму яго называлі “мучанікам канфесіяналу”.
Ён жыў малітвай. Маці Божую называў Сонцам, а кармэліцкія супольнасці - свечнікамі, якія павінны ззяць Яе цнотамі.
Тую ж любоў да Марыі ён перадаваў субратам у канферэнцыях. “Хто больш павінен наследаваць Марыю, калі не мы, што сталі Яе дзецьмі двойчы - праз хрост і праз манаскія шлюбы?” - казаў ён[19]. Марыя была для яго кнігай, у якой Слова Спрадвечнае, Хрыстус Пан, даецца свету для чытання[20]. “Мы - Яе дзеці, і Яна заклікае нас быць вернымі Яе справе”, - дадаваў ён[21].
Тэалагічнай падставай яго пабожнасці да Марыі было вучэнне пра Божае Мацярынства. Марыя - Маці Божая, і дзякуючы Яе згодзе - “Няхай мне станецца паводле слова твайго” - Уцелаўленне стала магчымым. У адной з канферэнцый ён казаў: “На гэтай згодзе ўзнялося дрэва крыжа, на якім Бог адкупіў свет, адкрылася крыніца, з якой да сканчэння вякоў ласкі будуць вылівацца на людскасць”[22]. Яго шлях да Хрыста вёў праз Марыю.
Такім чынам, у Кармэлі Каліноўскі дасягнуў сваёй мэты. Усе папярэднія этапы - страта маці, пошук, выгнанне, духоўны рост - вялі яго сюды. Марыя, якая была нябачнай прысутнасцю на ўсім яго шляху, тут стала яўнай - Тая, праз каго ён прыйшоў да Хрыста.
Знешняй адзнакай асаблівай прывязанасці кармэлітаў да Марыі з’яўляецца шкаплер. Паводле айца Рафала, ён нагадвае пра абавязак наследавання Марыі і пра вернасць манаскаму пакліканню. Наш святы карыстаўся ім яшчэ перад уступленнем у Кармэль. Пішучы з Сібіры да сям’і, прасіў прыслаць яму некалькі шкаплераў і медальёнаў, якія хацеў раздаць дзецям ссыльных, што прыступалі да Першай святой Камуніі[23].
Як кармэліт босы, ён асабліва раіў шкаплер тым, хто быў пад яго духоўным кіраўніцтвам. Заахвочваў іх таксама да пашырэння шкаплернага набажэнства. Заснаваў Свецкі ордэн і шкаплерныя брацтвы ў Чэрнай і ў Вадавіцах. Дзякуючы яго ініцыятывам касцёл у Чэрнай ператварыўся ў сапраўдны марыйны санктуарый.
Яго цікавіла перш за ўсё якасць, аўтэнтычнасць хрысціянскага жыцця тых, хто носіць шкаплер. Святы Рафал вельмі цаніў ружанцовую малітву і заахвочваў да яе. Заклікаў таксама да малітвы Анёл Панскі, бо яна ёсць “памяткай мацярынства” і нагадвае “таямніцу залежнасці ўцелаўлення Божага ад згоды Марыі”. Пісаў да свайго хворага брата Віктара, каб той узяў у рукі Ружанец, бо, разважаючы яго таямніцы, зможа радавацца няспыннай прысутнасці Езуса і Марыі.
Святы Рафал быў глыбока перакананы, што еднасць паміж Каталіцкім і Праваслаўным Касцёламі можа наступіць праз культ Маці Божай, які глыбока ўкаранёны ў абодвух.
У сваіх лістах ён пісаў: “Еднасць святая! Unio sancta! Само гэта слова ўжо сэрца болем трывожыць”[24].
Гэтая інтуіцыя Каліноўскага знайшла адгалосак у Дэкрэце Другога Ватыканскага Сабора пра экуменізм, які сярод фактараў, што яднаюць Касцёлы Усходу і Захаду, назваў і пашану да Маці Божай. Гэтую ж думку пазней развіў Папа Ян Павел ІІ у энцыкліцы Redemptoris Mater, падкрэсліўшы ролю Марыі як Маці еднасці. Каліноўскі пісаў: “Хоць я ўжо на схіле маіх дзён - лічу ўжо 62 гады - не магу вызваліцца ад думкі, што добры Бог, калі застануся Яму верны, прымусіць мяне сваёй ласкай, каб я працаваў яшчэ для еднасці Касцёлаў праз Кармэль Маці Божай”[25]. Ён бачыў у сваім ордэне, цалкам прысвечаным Маці Божай, інструмент для вяртання еднасці Касцёла: “І не толькі Румынія, але таксама і Расія!” - пісаў ён[26]. Ён прызнаваўся, што для яго немагчыма вызваліцца ад думкі еднасці Касцёла, якая стала неабходнасцю; і ўсё гэта праз Найсвяцейшую Панну[27].
Айцец Рафал памёр 15 лістапада 1907 года ў Вадавіцах ад сухотаў. Апошнія дні прайшлі ў глыбокім сузіранні і поўнай аддачы сябе Богу. Калі 13 лістапада кашаль крыху адступіў, хворы папрасіў аб Сакрамэнце Намашчэння хворых і Віятыку, пасля чаго дрыжачай рукой удзяліў апошняе благаслаўленне сваім сабратам. 14 лістапада 1907 года, у свята Усіх Святых Кармэлю, прыёр кляштара на смяротным ложы глядзеў на крыж і паўтараў: “Езу! Марыя! Мой Божа! Мой Божа! Я наталюся, калі ўбачу Тваю хвалу”[28]. На наступны дзень, каля сёмай гадзіны раніцы, айцец Рафал сказаў: “Цяпер я адпачну”. Праз гадзіну звон сабраў манахаў у яго келлі. Пры запаленай грамніцы яны праводзілі яго малітвамі за канаючых.
Праз пяць дзён пасля смерці яго цела перавезлі і пахавалі на кляштарных могілках у Чэрнай, якія сталі месцам пілігрымавання мноства вернікаў. Ян Павел ІІ беатыфікаваў яго 22 чэрвеня 1983 года ў Кракаве, а 17 лістапада 1991 года ў Рыме абвясціў святым.
Постаць святога Рафала Каліноўскага дазваляе па-новаму паставіць пытанне пра ролю Маці Божай у фарміраванні хрысціянскай асобы. Яго шлях - ад афіцэра расійскай арміі да кармэліцкага манаха і святара - не быў прамым. Ён праходзіў праз сумненні, памылкі, выгнанне і доўгія гады духоўнай барацьбы. Менавіта гэтая складанасць робіць яго сведчанне каштоўным.
Асоба Каліноўскага заслугоўвае далейшага вывучэння. Яго роля ў адраджэнні кармэліцкага жыцця, экуменічная інтуіцыя, а таксама лісты і канферэнцыі - усё гэта ўяўляе багатую крыніцу для даследавання беларускай каталіцкай думкі XIX стагоддзя.
Для Касцёла сёння прыклад святога Рафала Каліноўскага - гэта нагадванне, што шлях да Бога можа быць доўгім і цяжкім, але ён ніколі не бывае самотным. Маці Божая не перастае весці да Сына нават тады, калі чалавек не ўсведамляе Яе прысутнасці.
[1] Kalinowski J. Wspomnienia 1835–1877 / wyd. R. Bender. Lublin: Towarzystwo Naukowe Katolickiego Uniwersytetu Lubelskiego, 1965. S. 42.
[2] Gil Cz. O. Rafał Kalinowski 1835–1907. Kraków: Wydawnictwo OO. Karmelitów Bosych, 1984. S. 16–17.
[3] Kalinowski J. Wspomnienia 1835–1877. S. 89.
[4] Горы-Горацкая земляробчая школа была заснавана ўказам Сената 24 красавіка 1836 года і адчынена 15 жніўня 1840 года. У 1848 годзе яе вышэйшы разрад быў пераўтвораны ў Горы-Горацкі земляробчы інстытут, які стаў першай у Расіі вышэйшай сельскагаспадарчай навучальнай установай з правамі ўніверсітэта.
[5] Adamczyk S. Niespokojne serce / przygot. do druku Cz. Gil. Kraków: Wydawnictwo OO. Karmelitów Bosych, 1983. S. 48–50.
[6] Adamczyk S. Niespokojne serce / przygot. do druku Cz. Gil. Kraków: Wydawnictwo OO. Karmelitów Bosych, 1983.
[7] Adamczyk S. Niespokojne serce. (раздзел пра Пецярбург).
[8] Куляха А. Жыццё святога Рафала Каліноўскага // Наша вера. 2007. № 4(42). С. 7–12.
[9] Gil Cz. O. Rafał Kalinowski 1835–1907. Kraków: Wydawnictwo OO. Karmelitów Bosych, 1984.
[10] Kalinowski J. Wspomnienia 1835–1877.
[11] Kalinowski J. Wspomnienia 1835–1877 / wyd. R. Bender. Lublin: Towarzystwo Naukowe Katolickiego Uniwersytetu Lubelskiego, 1965.
[12] Adamczyk S. Niespokojne serce / przygot. do druku Cz. Gil. Kraków: Wydawnictwo OO. Karmelitów Bosych, 1983.
[13] Gil Cz. O. Rafał Kalinowski 1835–1907. S. 55.
[14] Gil Cz. O. Rafał Kalinowski 1835–1907. Kraków: Wydawnictwo OO. Karmelitów Bosych, 1984.
[15] Куляха А. Жыццё святога Рафала Каліноўскага // Наша вера. 2007. № 4(42).
[16] Gil Cz. O. Rafał Kalinowski 1835–1907. S. 145.
[17] Kalinowski J. Wspomnienia 1835–1877.
[18] Gil Cz. O. Rafał Kalinowski 1835–1907. S. 145.
[19] Gil Cz. O. Rafał Kalinowski 1835–1907. Kraków: Wydawnictwo OO. Karmelitów Bosych, 1984.
[20] Gil Cz. O. Rafał Kalinowski 1835–1907.
[21] Gil Cz. O. Rafał Kalinowski 1835–1907.
[22] Gil Cz. O. Rafał Kalinowski 1835–1907.
[23] Gil Cz. O. Rafał Kalinowski 1835–1907.
[24] Praśkiewicz Sz. T. Maryja Karmelu Terezjańskiego. Matka dyskretnej obecności św. Rafała Kalinowskiego. URL: https://www.karmel.pl/maryja-karmelu-terezjanskiego/6/ (дата звароту: 30.09.2026).
[25] Gil Cz. O. Rafał Kalinowski 1835–1907. S. 202.
[26] Gil Cz. O. Rafał Kalinowski 1835–1907. S. 202.
[27] Kalinowski J. Wspomnienia 1835–1877.
[28] Куляха А. Жыццё святога Рафала Каліноўскага // Наша вера. 2007. № 4(42).
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave