“Адна толькі думка чалавека мае большую вартасць, чым увесь свет, таму толькі Бог яе варты.” Св. Ян ад Крыжа.
15 снежня 2025 г. ў Ордэне кармэлітаў босых распачаўся юбілейны год з нагоды 300-годдзя кананізацыі і 100-годдзя абвяшчэння святога Яна ад Крыжа Доктарам Паўсюднага Касцёла. Гэта выдатная нагода для паглыблення духоўнай спадчыны святога Яна ад Крыжа — аднаго з найвялікшых настаўнікаў малітвы і містычнага жыцця ў Касцёле, а таксама рэфарматара нашага ордэна разам са святой Тэрэзай Авільскай.
Святы Ян ад Крыжа належыць да ліку найбольш знакамітых містыкаў Касцёла. Яго Творы насычаныя духоўнасцю напісаныя пад уплывам захаплення Божай таямніцай і на сённяшні дзень чытаюцца нанова. Святы Ян лічыцца адным з галоўных творцаў літаратурнай іспанскай мовы. Яго проза насычана паэтычнымі выразамі, а паэзія – духоўнай сімволікай.
Святы Ян быў абдараваны містычным досведам Святой Тройцы, асабліва калі перажываў самотнасць і пакінутасць у цемры вязніцы ў Таледа. Туды яго ўмясцілі сабраты, калі ён вырашыў распачаць рэформу кармеліцкага ордэну. Яго творы каментавалі многія між іншым: Святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езус, святая Эдыта Штайн, Святы Ян Павел ІІ і іншыя.
Хуан дэ Епэс нарадзіўся ў беднай сям’і ў Фанцівэрос непадалёку Авілі ў 1542. Ягоны бацька Ганзала дэ Епэс (Gonzalo de Yepes) належаў да вядомага ў Таледа арыстакратычнага роду, але быў пазбаўлены спадчыны i выгнаны з дому за тое, што ажанiўся з дзяўчынаю з сям’i ткачоў — Каталiнаю Áльварэс. Калi Яну было 4 гады, бацька памёр i мацi з трыма дзецьмi на руках засталася без сродкаў для iснавання. Пачалiся яе блуканнi па сем’ях сваякоў. Адзiн з братоў Яна памёр ад недаядання, а сам ён з маленства мусiў працаваць, каб неяк дапамагчы мацi.
Яго сям’і не хапала на тое, каб ён атрымоўваў адукацыю ў школе, таму Яну прыходзілася вучыцца розным рамёствам, якія былі папулярныя ў той час. Ён выдатна авалодаў майстэрствам ткача, краўца і нават шпітальнага брата. Калі назбіраў патрэбную колькасць грошай, то пачаў навуку у школе, якую арганізавалі Езуіты у Медына дэль Кампо. Вучыўся там 4 гады. Пад кіраўніцтвам сапраўднага майстра, айца Баніфацыя, Святы Ян навучыўся прыгожа і граматна пісаць на тагачаснай мове кастыліі. Маючы 21 год уступіў да ордэну кармэлітаў пры кляштары святой Ганны ў Медыне, дзе атрымаў iмя брат Ян ад св. Мацея, i пасля навiцыяту быў пасланы на вучобу ў знакамiты i прэстыжны Саламанскi ўнiверсiтэт. У той час ордэн кармэлітаў перажываў вялікі крызіс. Гэта была як раз палова 16 стагоддзя. Ордэну нехапала апостальскай руплівасці. Можа таму Святы Ян, калі атрымаў святарскія пасвячэнні задумваўся над тым, каб пакінуць ордэн кармэлітаў і перайсці ў больш суровы – да картузаў, каб весці закрытае жыццё ў адасабленні.
У такім стане душы ён спаткаўся са св. Тэрэзай з Авіля, якая ў ім адразу распазнала чыстага сумленнага, глыбокадухоўнага чалавека, замілаванага ў Богу. Святы Ян згадзіўся на тое, каб правесці рэформу ў законе ў мужчынскай яго галіне. Сутнасць рэформы разумеў вельмі проста: Ян жадаў вярнуць закону яго першапачатковую духоўную руплівасць, малітву і аскетызм.
Тэрэза ад Езуса, калі ўбачыла ў маладым святары рэфарматарскi патэнцыял, прапанавала яму далучыцца да справы i заняцца рэформаю мужчынскай галiны Ордэну Кармэлiтаў. 28 лiстапада 1568 г, у мястэчку Дуруэло была заснавана першая мужчынская супольнасць кармэлiтаў босых, якая складалася ўсяго з трох чалавек. Браты далi паўторныя манаскія абяцанні, i Ян атрымаў новае iмя — Ян ад Крыжа. Супрацоўнiцтва дзеля «павелiчэння хвалы Божай» i духоўнае сяброўства двух святых працягвалася да самай смерцi св. Тэрэзы, якая адыйшла ў вечнасць у 1582 годзе.
Падобна як і св. Тэрэзе прыйшлося сутыкнуцца з вялікім супрацівам з боку сясцёр і духоўнікаў, таксама і Ян ад Крыжа дасведчыў вялікую канфрантацыю і незразуменне ад сваіх братоў. Яны яго абвінавачвалі ў рознага роду дзівацтвах, між іншым у тым, што ён дзеліць супольнасць. Нават з самога Рыму быў прысланы візітатар, каб разглядзець усю гэтую справу.
У гэты час вялікім суцяшэннем для Яна стала размова з Богам, малітва, частае чытанне і медытацыя Святога Пісання, доўгая адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, а таксама шчыры давер усяго свайго жыцця Божаму провіду. Менавіта сярод такіх жыццёвых бур і досведаў узнікла прыгожая містычная паэзія, цудоўныя творы іспанскага містыка.
Святы Ян ад Крыжа памёр сярод саіх сабратоў 14 снежня 1591 года ў кляштары ва Ўбэдзе, калі меў 49 год. Яго рэліквіі знаходзяцца зараз у Сэговіі. Кананізацыя святога адбылася ў 1726 годзе. А з нагоды 400 годдзя яго смерці, папа Ян Павел ІІ напісаў спецыяльны ліст, у якім падкрэсліў актуальнасць містыкі Яна ад Крыжа ў свеце, які часта забывае аб сваёй духоўнасці, а Бога ставіць на апошні план. Ян ад Крыжа як святло прамянее ў цемры нявер’я і вядзе нас да Езуса Хрыста, Святла жыцця.
Святы Ян ад Крыжа шырока вядомы сваімі духоўнымі творамі. Ён — Доктар Касцёла, настаўнік малітвы і сапраўдны эксперт духоўнага жыцця. Яго працы ахопліваюць шырокае кола тэм і пытанняў, аднак пра вучэнне Яна наконт Найсвяцейшай Панны Марыі згадваюць нячаста. Як здарылася, што пра чалавека, вядомага сваёй духоўнай мудрасцю — які прысвяціў усё жыццё яднанню з Богам у манаскім ордэне, што імкнецца наследаваць Марыю, — рэдка ўспамінаюць у кантэксце ўшанавання Найсвяцейшай Панны?
У пэўнай ступені такая адсутнасць асаблівай увагі зразумелая, калі ўлічыць надзвычайную сцісласць выказванняў Яна ад Крыжа пра Панну Марыю. Ва ўсёй яго захаванай спадчыне (чатыры вялікія духоўныя трактаты, пятнаццаць вершаў, трыццаць тры лісты і некалькі іншых невялікіх твораў) Ян згадвае Марыю ўпрост толькі дванаццаць разоў, прычым большасць гэтых згадак — выпадковыя. Іншыя духоўныя настаўнікі напісалі цэлыя тамы па марыялогіі, тады як скупыя згадкі Яна пра Марыю маглі б змясціцца на адной старонцы. Хоць Ян наогул не пісаў шмат ні на адну тэму (усе яго творы змяшчаюцца ў адным томе зручнага памеру), колькасць яго прамых згадак пра Найсвяцейшую Панну значна меншая, чым можна было б чакаць ад руплівага рэфарматара манаскага ордэна, прысвечанага Марыі.
Якую ж выснову варта зрабіць з гэтага назірання? Ці мае святы Ян ад Крыжа нейкае значэнне для марыялогіі? Няма нічога дзіўнага ў тым, што многія адказалі б адмоўна; можна нават сустрэць такіх кармэлітаў, якія ставілі пад сумніў важнасць укладу Яна ў марыйнае багаслоўе. Асабліва ў апошні час пра Яна ад Крыжа і Найсвяцейшую Панну пішуць вельмі мала. Аднак ёсць і тыя, хто прыходзіць да супрацьлеглай высновы, сцвярджаючы, што Ян прапануе цэласную і сістэматычную марыялогію. Напрыклад айцец Эмануэль Саліван OCD тлумачыць: «Хоць прамых згадак пра Марыю вельмі мала, усе творы Яна насамрэч сканцэнтраваны вакол Яе. Насамрэч, наўрад ці засталося нешта пра Марыю, чаго Ян не выказаў бы. Усё ягонае духоўнае вучэнне ўтрымлівае ў сабе няяўную марыялогію».
Менавіта ў жыцці святога мы знаходзім канкрэтныя доказы таго, якое месца займала Марыя ў яго розуме і сэрцы. Калі Ян быў яшчэ хлопчыкам, ён гуляў каля вадаёма, упаў у ваду і пачаў тануць. Пазней ён успамінаў, што на дапамогу яму прыйшла прыгожая жанчына, якую ён пасля ідэнтыфікаваў як Найсвяцейшую Панну. Праз некалькі гадоў Ян упаў у глыбокі калодзеж, але яго дасталі адтуль цэлым і непашкоджаным.
Гэты цуд ён таксама прыпісваў Найсвяцейшай Панне Марыі. Раннія біёграфы Яна таксама сцвярджаюць, што на яго рашэнне ўступіць у ордэн кармелітаў значна паўплывалі марыйны характар гэтага ордэна і яго вялікая любоў да Найсвяцейшай Панны. Калі ён планаваў пакінуць ордэн, каб перайсці да картузаў, святая Тэрэза з Авіля, як было ўзгадана вышэй, пераканала яго застацца і стаць сузаснавальнікам яе рэформы, спасылаючыся на асаблівую апеку Марыі над Кармэлем. Вядома таксама, што Ян прыпісваў сваё цудоўнае вызваленне з вязніцы ў Таледа сіле, якую дала яму Маці Божая. Брат Марцін ад Унебаўзяцця, які часта суправаджаў святога Яна ад Крыжа ў падарожжах, пасля смерці Яна сведчыў: «Ён быў настолькі адданы Найсвяцейшай Панне, што кожны дзень на каленях маліўся гадзінамі ў гонар Найсвяцейшай Панны». Той жа брат Марцін таксама дадаў, што падчас шматлікіх сумесных падарожжаў Ян спяваў гімны ў гонар Найсвяцейшай Панны. Нарэшце, у гадзіну смерці, пачуўшы звон на малітву Ютрані, Ян ад Крыжа сказаў: «І я таксама, па міласэрнасці Пана, буду маліцца ёю разам з Найсвяцейшай Паннай у небе».
Хоць у творах Яна ад Крыжа няма прамых згадак пра Марыю, Яго жыццё, безумоўна, было прасякнутае пашанай да Яе. Відавочна, што Найсвяцейшая Панна займала цэнтральнае месца ў яго думках і сэрцы ад самага ранняга дзяцінства і да моманту смерці. Ён жыў і дыхаў любоўю да Найсвяцейшай Панны. Таму такая глыбокая любоў да Марыі не магла не адбіцца і ў яго пісьмовай спадчыне. Хоць у яго творах можа не быць відавочных спасылак на Маці Божую, сам лад яго жыцця сведчыць пра тое, што Панна Марыя прысутнічае ва ўсім, што ён пісаў. Такім чынам, уважлівае вывучэнне яго твораў раскрывае багатую марыялогію. Усё, што Ян кажа пра яднанне з Богам, можна найперш і найдасканалей аднесці да Найсвяцейшай Панны. Паколькі яднанне з Богам з'яўляецца цэнтральнай тэмай усіх яго прац, яны ўяўляюць сабой скарбніцу глыбокіх разважанняў пра жыццё і святасць Марыі.
Адзін з такіх прыкладаў можна знайсці ў «Рамансах» Яна ад Крыжа. Гэтыя кароткія вершы (а дакладней — адзін верш, падзелены на дзевяць частак) былі напісаны Янам падчас яго зняволення ў кармэлітаў, якія не прынялі рэформы ордэна, у Таледа. Па сутнасці, «Рамансы» — гэта духоўныя разважанні аўтара над пралогам Евангелля паводле Яна: «На пачатку было Слова...» (Ян 1, 1). Ён паказвае таямніцу ўваходжання Бога ў чалавечую гісторыю як прыгожую гісторыю любові паміж Богам і чалавекам. Пачынаючы з любові, якая існуе ўнутры Тройцы, верш набірае сілу па меры таго, як гэтая любоў выліваецца на стварэнне, і ўрэшце дасягае сваёй кульмінацыі ва Уцелаўленні і Нараджэнні Езуса Хрыста.
Разважаючы пра вялікую таямніцу станаўлення Бога чалавекам уцелаўленнем, Ян піша ў восьмым рамансе:
"Тады Ён паклікаў
арханёла Габрыэля
і паслаў яго да
Дзевы Марыі,
з чыёй згоды
здзейснілася гэтая таямніца."
Цікава, што ў гэтым урыўку Бог паслаў анёла Габрыэля не толькі для таго, каб перадаць Марыі вестку — вестку пра тое, што яна зачне і народзіць Сына. Мэта Габрыэля — не столькі перадаць паведамленне Марыі, але ў большай ступені атрымаць ад яе адказ: яе згоду. Анёльскае пасланне не было неабходным, каб паведаміць пра Божы план Марыі, якая праз малітву заўсёды жыла ў гармоніі з Божай воляй. Наадварот, Габрыэль выступае як пасрэднік, праз якога здзяйсняецца адказ Марыі — той, «з чыёй згоды адбылася таямніца». Словы Яна сведчаць пра тое, што згода Марыі патрабавалася не проста для таго, каб адбылося Уцелаўленне — нібы нейкі дазвол Богу дзейнічаць. Наадварот, менавіта яе згода стала сапраўднай прычынай Уцелаўлення. Таямніца здзейснілася «з яе згоды». Згода Марыі — гэта істотны элемент таямніцы, якая раскрываецца, і сам сродак, дзякуючы якому адбываецца Уцелаўленне.
Як мы ўжо бачылі, творы святога Яна ад Крыжа ўтрымліваюць значна больш, чым проста выпадковыя згадкі пра Марыю. Яго проза і паэзія насычаны глыбокай і пераканаўчай марыялогіяй. Яго асабістая набожнасць да Найсвяцейшай Панны пранізвае ўсю яго творчасць, якая вылучаецца сваёй бясконцай марыялагічнай глыбінёй. На дадзены момант не так шмат напісана аб марыялогіі Яна ад Крыжа, але с цягам часу гэтая тэма будзе пашырацца даследваннямі духоўнай спадчыны нашага святога. Таму што св. Ян ад Крыжа з'яўляецца надзейным правадніком для ўсіх хрысціян — і асабліва для кармэлітаў босых — на шляху да блізкасці з Марыяй і, праз Яе, да яднання з Богам.
Вопыт «цёмнай ночы» ў святога Яна ад Крыжа прадугледжвае Божую інтэрвенцыю (умяшанне), падчас якога чалавек праходзіць праз паступовае ачышчэнне і вызваленне ад прыроднага вымярэння, якое зранена грахом. Гэты працэс палягае ў пазбаўленні святла ў дачыненні да ўсіх створаных рэчаў. Бог пакідае розум у цемры, волю — у сухасці, а памяць — у пустэчы, адначасова пагружаючы пачуцці душы ў глыбокі смутак, горыч і пакуты. Ён пазбаўляе душу тых адчуванняў і асалоды, якія яна раней чэрпала з духоўных дабротаў. Бо гэтае пазбаўленне з'яўляецца адной з істотных умоў, неабходных для духа, каб падрыхтаваць яго да ўвядзення і яднання з духоўнай формай духа — яднаннем у любові.
Прычына, па якой вышэйзгаданыя выпрабаванні неабходныя для дасягнення гэтага стану, палягае ў тым, што, падобна да таго, як выдатны напой змяшчаюць толькі ў трывалыя, падрыхтаваныя і ачышчаныя пасудзіны, так і гэтае найвышэйшае яднанне можа адбыцца толькі ў душы, якая была ўмацавана. Такім чынам, досвед цёмнай ночы — пачуццёвага і духоўнага ачышчэння — палягае ва ўмацаванні праз цяжкасці і спакусы, а таксама ў ачышчэнні ўнутранага «я» праз пакуты, цемру і смутак... Падкрэсліваючы негатыўны аспект цёмнай ночы, містык з Фантывераса засяроджваецца на паміранні для ўсяго, адрачэнні ад здольнасцяў, схільнасцяў і жаданняў, страце ўласнага «я», агаленні, знішчэнні натуральнай актыўнасці і ачышчэнні, якое сягае самой сутнасці быту.
Уваход у таямніцу цярпення суадносіцца з дзвюма таямніцамі з жыцця Марыі: нараджэннем Хрыста і Яго ахвяраваннем у Святыні. У «Рамансе пра Нараджэнне» — жанры, які бярэ пачатак у старадаўніх рыцарскіх баладах, — святы Ян адзначае, што Марыя цярпела ўжо пры нараджэнні Хрыста:
"Маці здрыганулася ад болю,
Яна ўбачыла крыж пакутаў..."
Нараджэнне Хрыста можа служыць асновай для тлумачэння духоўнага нараджэння, адначасова раскрываючы ролю Бога як Маці, якая нараджае душы праз ачышчэнне. Такім чынам, таямніца мацярынства Марыі злучана з таямніцай Айца (патрылагічнае вымярэнне). Ачышчэнне можна разумець у кантэксце нараджэння — нараджэння новага чалавека. Тут Цёмная ноч дасягае свайго найглыбейшага *патрылагічнага* вымярэння: Бог-Айцец клапоціцца пра чалавека так, як гэта робіць маці.
"Часам здараецца, што Бог імкнецца ўтрымаць душу ў гэтым ціхім спакоі, а душа, карыстаючыся ўяўленнем і розумам, спрабуе дзейнічаць самастойна; яна падобная тады да дзіцяці, якое, калі маці хоча ўзяць яго на рукі, крычыць і настойвае на тым, каб ісці самому, — у выніку чаго яно ні само не ідзе, ні маці не дае ісці. Або яна падобная да постаці, якую мастак хоча намаляваць, у той час як нехта іншы яе перамяшчае, з-за чаго праца застаецца няскончанай ці нават сапсаванай" (Жывое Полымя Любові 3, 66).
Вобраз Маці на шляху духоўнага станаўлення спалучае ў сабе элементы марыялогіі і патралогіі. Марыя, якая апякуецца дзецьмі свайго Сына падчас іх пілігрымкі да нябеснай Айчыны, бярэ на сябе гэтую ж ролю і ў дачыненні да пілігрымаў, што праходзяць праз «цёмную ноч».
Наступная значная падзея ў жыцці Марыі — Ахвяраванне ў Святыні — тоіць у сабе таямніцу мяча, які пранізвае Яе сэрца: «А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў» (Лк 2, 35). Хоць пакуты Марыі закраналі глыбіні Яе сэрца, яны не маглі мець непасрэднага дачынення да Яе духоўнага ачышчэння, калі ўлічваць вучэнне пра Беззаганнае Зачацце. Тым не менш, творы святога Яна ад Крыжа прапануюць тлумачэнне прыроды тых пакут, якія перажыла Марыя.
У «Духоўнай песні», у значным урыўку, прысвечаным Марыі, святы Ян падкрэслівае, што Яна перажывала розныя выпрабаванні і цярпела ў іх, дзякуючы чаму памнажала свае заслугі і ўзмацняла сваю любоў. Такім чынам, выяўляецца найважнейшае вымярэнне «цёмнай ночы»: умацаванне здольнасці любіць. Працэс «цёмнай ночы» па сутнасці ахоплівае менавіта гэтую здольнасць і ўздзейнічае на яе. Таму ў кантэксце марыйнага погляду на драму ачышчэння неабходна падкрэсліць вызваленне і ўзмацненне здольнасці любіць Бога. Духоўны агонь ачышчае чалавечы дух і запальвае яго Божай любоўю. Гэтае вымярэнне духоўнага ачышчэння мае характар чыстца:
"Бо падобна таму, як душы, недастаткова чыстыя, павінны ў іншым свеце зведаць пакуты агню, каб злучыцца з Богам у вечнай хвале, так і тут, у гэтым жыцці, яны павінны прайсці праз агонь згаданых выпрабаванняў, каб дасягнуць дасканалага яднання" (Жывое Полымя Любові 2, 25).
Другое вымярэнне — гэта ласка распальвання і ўзмацнення любові; гэты фактар адыгрывае ключавую ролю на апошнім этапе яднання. Праз ачышчэнне згарае ўсё, што не з’яўляецца любоўю, а новы чалавек атрымлівае новую звышнатуральную здольнасць, якая ахоплівае ўсе ягоныя сілы. Гэтая навізна — уласцівая новаму стварэнню — мае марыйнае адценне, бо яна азначае пачатак новай эпохі і перамененага чалавека, які, падобна да Марыі, жыве выключна дзеля Бога.
З тэалагічнага пункту гледжання шлях духоўнага ачышчэння выражаецца праз катэгорыю Крыжа. Нездарма існуе вельмі вядомае выказванне нашага святога якое гучыць: Pati et contemni pro te, Domine. Цярпець і быць пагарджаным дзеля Цябе, Пане. Згадкі пра прыняцце Крыжа часта сустракаюцца ў творах святога Яна ад Крыжа (каля 40 разоў). Таямніца Крыжа выяўляецца праз метафару глыбіні. Бо чым больш мудрасці чалавек жадае атрымаць ад Бога, тым больш ён павінен спачатку прагнуць цярпення, каб праз яго ўвайсці ў глыбіню Крыжа.
З аднаго боку, Крыж адкрываецца ў цярпенні духоўнай пустэчы; з другога — ён нараджае прагненне жальбы, суму, якое выходзіць па-за межы гэтага жыцця. Марыя, якая стаяла пад Крыжам, прымае яго з поўнай адданасцю — як у часовым, так і ў духоўным вымярэнні. Святы Ян тлумачыць гэтую духоўную логіку, якая можа праліць святло і на ўнутраны стан Марыі, і адначасова на сутнасць звышнатуральнай любові да Бога.
"Сапраўдны дух у тым, што тычыцца Бога, выбірае непрыемнае замест прыемнага; схіляецца да пакутаў, а не да суцяшэння; прагне страціць усё дзеля Бога, а не валодаць чым-небудзь; прымае духоўную сухасць і выпрабаванні замест суцяшэння і салодкага яднання, ведаючы, што менавіта гэта і ёсць сапраўднае наследаванне Хрыста і самаадрачэнне. І наадварот: паступаць інакш — значыць толькі шукаць самога сябе ў Богу, што цалкам супярэчыць сапраўднай любові. Шукаць сябе ў Богу — гэта шукаць у Ім асалоды і суцяшэння. Аднак шукаць Бога ў самім сабе азначае не толькі жаданне пазбавіцца ўсяго дзеля Бога, але і — з любові да Хрыста — схільнасць выбіраць тое, што непрыемнае, ці то ў справах Божых, ці то ў справах чалавечых. І гэта — сапраўдная любоў да Бога" (Дарога на Гару Кармэль 7, 5).
Разглядаючы перспектыву "цёмнай ночы", мы адкрываем для сябе шлях Марыі — шлях Яе цнотаў. Бо што ж не нараджае ў душы пакору, любоў, аскезу, святую прастату і маўчанне? — пытаецца святы Ян ад Крыжа, раскрываючы тым самым істотную духоўную прыгажосць цнотаў, якія фарміруюць вобраз Маці Хрыста. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што шлях цёмнай ночы — гэта адначасова і шлях станаўлення падобнымі да Марыі, бо тут мы сустракаемся з характэрнымі якасцямі і цнотамі Яе асобы.
Урэшце, чалавек, пераменены містычнымі працэсамі яднання, жыве ў цені Усемагутнага. Гэтае ахінанне ценем, вядомае з падзеі Звеставання Марыі — калі было сказана, што моц Усемагутнага ахіне Яе ценем (пар. Лк 1, 35), — мае агульную рысу з такім яднаннем і адначасова дазваляе пракласці тэалагічныя масткі паміж марыялогіяй і тэалогіяй духоўнага жыцця. У абодвух выпадках сцвярджаецца дзейсная прысутнасць Бога.
Урэшце, чалавек перамяняецца ў боскую любоў; гэта значыць, Бог дае яму сілу любіць. Можна сказаць, што праз яднанне чалавек дасягае стану, падобнага да таго, які для Марыі з’яўляецца чымсьці першапачатковым і абсалютным. У творы «Жывое полымя любові» чытаем, што ў гэтым стане душа не можа здзяйсняць ніякіх учынкаў, калі толькі Святы Дух не здзяйсняе іх усіх і не пабуджае да гэтага душу. Такім чынам, усе яе дзеянні з’яўляюцца боскімі, бо яна ўсё робіць пад уздзеяннем Бога, Які яе натхняе і ёю кіруе. Гэтае ахінанне ценем прыносіць плён у выглядзе поўнай згоды боскай і чалавечай волі — узор чаго пераменены чалавек знаходзіць у Марыі.
Сваё разважанне хачу скончыць словамі малітвы св. Яна ад Крыжа, якую ён назваў: Малітва размілаванай душы.
Божа мой, Пане і Абраннік! Калі Ты яшчэ памятаеш мае грахі і не даеш мне таго, аб чым Цябе прашу, няхай споўніцца Твая воля, бо па-над усё яе люблю. Акажы сваю дабрыню і міласэрнасць, каб Цябе ў іх пазнавалі.
А калі, о Пане, ты чакаеш маіх учынкаў, каб праз іх выканаць мае просьбы, дай мне іх і дзейнічай праз іх ува мне, а таксама дай мне цярпенні, якіх толькі жадаеш і няхай споўніцца Твая воля!
Калі ж не чакаеш маіх учынкаў, чаго тады чакаеш ад мяне Найміласэрнейшы Божа, чаму спазняешься?
Бо калі гэта ласка, аб якой Цябе прашу, паходзіць выключна з Тваёй міласэрнасці, вазьмі нікчэмнасць маю, якую жадаеш і дай мне скарбы, якіх толькі прагнеш даць мне.
Хто ж можа вызваліцца з беднасці сваёй і нікчэмнасці, калі Ты яго не ўздымеш да сябе чыстасцю Тваёй любові, о мой Божа?
Як можа да Цябе ўзняцца чалавек народжаны ў нястачы, калі ты яго не ўздымеш той жа рукою, якая стварыла яго?
Не пазбавіш мяне, о мой Божа таго, што Ты мне даў у Тваім Сыне Езусе Хрысце, у якім даў мне ўсё, чаго толькі прагну; таму я радуюся бо Ты споўніш маю надзею!
Чаму ж душа мая яшчэ спазняешся, бо ўжо зараз можаш любіць усім сэрцам свайго Бога?
Мае нябёсы і зямля мая, мае народы, мае грэшнікі і справядлівыя! Анёлы мае, Маці Божая мая, усе стварэнні мае і сам Бог мой і для мяне, бо Хрыстус мой і для мяне ўвесь!
Чаго ж ты прагнеш душа мая? Усё тваё і ўсё для цябе. Не задавальняйся малым і не шукай акрушынак, якія спадаюць са стала Айца твайго. Але аддаляючыся ад сябе, увайдзі ў поўню і радуйся ў тваёй хвале! Схавайся ў ёй, весяліся і супакоіш прагненні свайго сэрца. Амэн.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave