Мядзельская Кальварыя ў чарговы раз стала месцам малітоўнай сустрэчы. У нядзелю, 13 верасня, тут адбыліся ўрачыстасці з нагоды свята Узвышэння Святога Крыжа, якія аб’ядналі каталіцкіх вернікаў мядзельскай парафіі і гасцей.
Набажэнства Крыжовага шляху распачалося ад Брамы Прабачэння а 11:00 гадз. У супольнай малітве прынялі ўдзел вернікі не толькі з мясцовай мядзельскай парафіі - паводле традыцыі, на ўрачыстасць сабралася шмат гасцей з розных куткоў нашай краіны. Разважанні Крыжовага шляху праводзіў мясцовы пробашч, а маладзёжны хор упрыгожваў набажэнства сваімі спевамі.
Пасля заканчэння Крыжовага шляху на Гары Крыжоў адбылася святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз Анатолій Захарэўскі, пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Міхалішках і дэкан Астравецкі. У прамоўленым казанні святар падкрэсліў важнасць пашаны да Хрыстовага Крыжа як знаку збаўлення і заахвоціў прысутных наследваць Хрыста ў сваім жыцці. Святую Імшу літургічным спевам упрыгожваў хор дарослых мядзельскай парафіі.
Ва ўрачыстай цэлебрацыі прынялі ўдзел таксама Рэгіянальны Вікарый кармэлітаў босых у Беларусі айцец Генрых Валэйка, пробашч мядзельскай парафіі айцец Андрэй Авен і вікарый парафіі ў Мядзеле айцец Павел Герман.
Тэкст: Андрэй Авен OCD
Фота: Дана Варабей і Таццяна Куркуль