27/05/23

Нядзеля Спаслання Духа Святога

ЕВАНГЕЛЛЕ  ( Ян 20, 19–23)

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: «Спакой вам!» І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас». І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца».

 

КАМЕНТАРЫЙ

У Евангеллі паводле св. Яна апісаны  вучні, якія сабраліся ў ерузалемскім Вячэрніку: замкнёныя ў сваім страху, поўныя бояззі, у разгубленасці без свайго Пана і Настаўніка. Толькі Езус Уваскрослы прыносіць ім у дар унутраны спакой сэрца і адкрывае іх на новы свет. Даючы ім Духа Святога, Езус адкрывае вочы іх сэрцаў, каб, гледзячы, яны добра бачылі, слухаючы — добра чулі. Для таго каб яны як сведкі абвяшчалі прабачэнне, сілу ім дае Дух Святы, Параклет, Суцяшыцель і Абаронца — Той, заданнем якога з’яўляецца дапамагаць у кожнай патрэбе.

Дух Святы — гэта Бог, які пасяляецца ў сэрцах веруючых людзей. Паглыбленыя ў смутак, самі мы не знойдзем Настаўніка. Мы павінны ўвесь час настойліва прасіць Духа Святога аб дапамозе, суцяшэнні, прасіць Яго святла і Яго сілы для духоўнай барацьбы ў жыцці, для мудрага разпазнання.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 334-335

(…) Сучасны свет выглядае пазбаўленым гармоніі: нервозныя і затузаныя, мы шукаем хуткіх рашэнняў, прымаем адну за адной таблеткі, каб рухацца наперад, выклікаем бясконцую чараду эмацыйных узрушэнняў, каб адчуваць сябе жывымі. Хоць патрэбны, перш за ўсё, Дух Святы: гэта Ён наводзіць парадак пасярод раз’юшанасці.

Ён з’яўляецца супакоем сярод хвалявання, верай сярод нуды, радасцю сярод самоты, маладосцю пасярод старасці, мужнасцю пасярод выпрабаванняў. Гэта Той, хто сярод навальнічных цячэнняў жыцця кідае якар надзеі.

Дух Святы — гэта Той, хто робіць нас Касцёлам, аб’ядноўвае розныя часткі ў адзіную гарманічную будову.

Папа Францішак ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, 9 чэрвеня 2019 г.

 

  • Што мне перашкаджае адкрыцца на прыняцце Духа Святога?
  • Ці звяртаюся я ў кожнай патрэбе за дапамогай да Духа Святога?
  • Ці веру я, што Дух Святы прыносіць мне суцяшэнне, дае святло і сілу?

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave