З 23 па 30 лістапада ў мінскай парафіі Божага Цела, якой апякуюцца кармэліты босыя, адбыліся першыя ў гісторыі маладой сталічнай парафіі святыя місіі з мэтай аднаўлення і ўмацавання ў веры. Духоўныя практыкаванні ўзначалілі кармэліты босыя з санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі – а. Аркадзь Куляха OCD і а. Казімір Мараўскі OCD. Час святых місій – гэта момант, калі Бог праходзіць праз парафію і людскія сэрцы.
На працягу васьмі дзён айцы місіянеры ў святле Божага слова, навучання Касцёла і ўласнага душпастырскага досведу разважалі разам з вернікамі пра каштоўнасць веры і святога хросту, пра важнасць малітвы за Касцёл, пакутуючы ў чыстцы. Таксама быў дзень, прысвечаны сямейнаму жыццю і каштоўнасцям, якія з’яўляюцца фундаментам грамадства і Касцёла. Сужонкі падчас св. Імшы аднавілі сужэнскія абяцанні, благаславілі сваіх дзяцей і маліліся за іх. Хворыя і вернікі старэйшага ўзросту мелі магчымасць прыняцця сакрамэнту намашчэння хворых. Асобны дзень быў прысвечаны Эўхарыстыі, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і медытацыі. У дзень паяднання вернікі на чале з пробашчам парафіі а. Юрыем Кулаем OCD дзякавалі Богу за дар новага касцёла, за ўсялякія ласкі ад Бога для парафіі, а таксама праслаўлялі, перапрашалі за грахі і прасілі аб далейшым Божым спрыянні. Асобны дзень быў прысвечаны Найсвяцейшай Багародзіцы, якая з’яўляецца пуцяводнай зоркай у дарозе да неба, а таксама магутнай заступніцай праз шкаплер, ружанец і цудоўны медалік.
Асобная ўвага была звернута падчас місій на дзяцей і моладзь, якія, паводле навучання спачылага папы Францішка, як падкрэслілі місіянеры, з’яўляюцца не толькі будучыняй, але і цяперашняй каштоўнасцю Касцёла.
На працягу васьмі місйных дзён вернікі парафіі прыносілі ў святыню падпісаныя вызнанні веры, свечкі з хросту, сямейшыя абразы, ружанцы, малітоўнікі, крыжыкі, выявы Багародзіцы, каб супольна аднавіць сваю веру, пабожнасць і прасіць Божай дапамогі ва ўсіх справах. Таксама ўдзельнікі місій прынеслі лісточкі з падзякамі, просьбамі, перапрашэннямі і пастановамі, якія былі складзеныя і закапаныя пад новаўсталяваным пры парафіяльным касцёле місійным крыжам на знак памяці пра час місійнай ласкі, дадзенага Богам для ўсёй парафіі Божага Цела.
А. Юрый Кулай OCD.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave