31 мая, калі Касцёл успамінае Адведзіны Найсвяцейшай Панны Марыі, гудагайская парафія святкуе ўрачыстасць тытулу касцёла. Драўляную святыню ў Гудагаі пабудавала у 1763 годзе Людвіка Ганна Война, з Сулістроўскіх, якая разам са сваім мужам і вернікамі навакольных мясцовасцей пажадала аддаць хвалу Богу і Найсвяцейшай Маці ў Яе выяве, што ўжо тады лічылася славутай ласкамі. Такім чынам касцёл Адведзін Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі стаў таксама мэтай пілігрымаў, якія прыбывалі сюды з просьбамі аб аздараўленні фізічным, маральным і духоўным. Кармэліты босыя, апекуны святыні, у хроніках запісалі шматлікія сведчанні дзеяння Пана Бога на гэтым святым месцы. У наш час Гудагай шырокавядомы не толькі ў Беларусі, але і паза яе межамі, а галоўны адпуст у гонар Маці Божай Шкаплернай (у гэтым годзе пройдзе 15 і 16 ліпеня) збірае ды аб’ядноўвае тысячы вернікаў.
У дзень урачыстасці тытулу касцёла ў Гудагаі цэлебравалі дзве Святыя Імшы. Эўхарыстыю а 12.00 гадзіне ўзначаліў дэкан Ашмянскага дэканату і пробашч парафіі кс. канонік Ян Пузына. Святар прамовіў таксама казанне, у якім заахвоціў сабраных да будавання адносін паміж людзьмі на грунце хрысціянскіх праўдаў. Вячэрнюю Святую Імшу а 18.00 гадзіне ўзначаліў дэкан Астравецкага дэканата, біскупскі вікарый і пробашч парафіі святых Космы і Дам’яна кс. канонік Юзаф Багдзевіч. Казанне прамовіў а. Генрых Валэйка, кармэліт босы з Мядзела, настаяцель супольнасці і пробашч парафіі Маці Божай Шкаплернай, які паходзіць з п. Гудагай. Манах засяродзіў разважанне на таямніцы адзінства вернікаў і адказнасці адзін за аднаго. Разам з сабранамі парафіянамі і гасцямі санктуарыя маліліся святары: кс. Казімір Ляховіч з Быстрыцы, кс. Павел Паўлюкевіч з Барун, кс. Андрэй Горбач з Астраўца, кс. Юрый Ёдзік з Цудзенішак, кс. Яўген Ціхан з Астраўца, кс. Віктар Захарэўскі з Варнян, кс. Анаталь Захарэўскі з Міхалішак, кс. Дзмітрый Леўчык з Гервят, кс. Уладзімір Русак з Лебедзева, кс. Андрэй Бурак з Мінска, сёстры эўхарысткі з Браслава, мясцовыя кармэліты і сёстры кармэліткі Дзіцятка Езуса, а таксама Віктар Станіславовіч Карповіч - старшыня Гудагайскага сельскага выканаўчага камітэта і Эдуард Іванавіч Садоўскі – дырэктар Камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства "Гудагай". Павіншавалі і памаліліся таксама за парафіян Алену Кранкоўскую, Рамуальда Ціхановіча і Юрыя Паршутовіча, якія 31 мая адзначаюць дзень нараджэння.
Святкаванне закончылі маёвае набажэнства, эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, урачысты спеў “Цябе Бога праслаўляем” ды благаслаўленне сабраных Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Спадзяёмся, што ўрачыстасць напоўніла ўдзельнікаў шчодрымі ласкамі і застанецца надоўга ў сэрцы ды памяці. Цяпер мясцовая супольнасць веруючыў будзе гатовіцца да галоўнага свята санктуарыя, якое пройдзе 15 і 16 ліпеня. Дзверы гудагайскай святыні адкрыты заўсёды для пілігрымаў і наведвальнікаў, якія хочуць памаліцца ды адпачыць у асаблівай атмасферы касцёла, ружанцовых дарожак, мясцовай Кальварыі ды пепаўторнай прароды і краявідаў.
Фота: Ірэна Ахрамовіч, с. Вера Кучук
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave