20 лістапада ў літургічны ўспамін св. Рафала Каліноўскага кармэліты босыя ў Беларусі перажывалі свята свайго апекуна і заступніка, а таксама дзень засяроджання.
Браты з супольнасцяў у Мядзелі, Мінску і Гудагаю сабраліся ў кляштары кармэлітаў босых у Нарачы спачатку на пачастунак і каву. Афіцыйная частка сустрэчы распачалася малітвай Літургіі гадзінаў апоўдні ў парафіяльным касцёле св. Андрэя Апостала. Пасля рэгіянальны настаяцель а. Пётр Фроштэга OCD прывітаў усіх прысутных кармэлітаў босых, а асабліва біскупа Юрыя Касабуцкага, Генеральнага Вікарыя Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі, які быў запрошаны духоўна суправаджаць кармэлітаў босых у гэты дзень.
Наступным пунктам праграмы была духоўная канферэнцыя дастойнага іерарха на вельмі канкрэтныя і практычныя тэмы, звязаныя з манаскім служэннем, пакліканнем, духоўнасцю, а таксама з сучаснымі выклікамі і пагрозамі для вернасці манаскаму харызмату ў кантэксце навучання спачылага папы Францішка.
Пасля канферэнцыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой у цішыні сэрца кожны з братоў меў магчымасць пабыць сам-насам з Езусам, давяраючы свае і супольныя справы Божай усемагутнасці і міласэрнасці, а таксама прыступіць да сакрамэнту пакаяння.
Падчас Эўхарыстыі ў кантэксце літургіі слова святар паразважаў над постаццю і духоўнасцю св. Рафала Каліноўскага ў перыяд зямнога жыцця Святога, а таксама заахвоціў дбаць пра адзінства і ахвярнасць у манаскім і святарскім служэнні мясцоваму Касцёлу.
Пасля св. Імшы нарачанская супольнасць кармэлітаў босых запрасіла ўсіх удзельнікаў сустрэчы на смачны абед і супольную рэкрэацыю. У атмасферы радасці браты падзяліліся штодзённымі клопатамі, намаганнямі і дасягненнямі.
А. Юрый Кулай OCD.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave