27/05/2026

Працягваецца III Капітулярны кангрэс кармэлітаў босых: другі дзень працы і выбар новага Рэгіянальнага вікарыя

27 мая 2026 года ў Мядзелі працягнуў сваю працу III Капітулярны кангрэс Рэгіянальнага вікарыяту Кармэлітаў Босых у Беларусі, якому патрануе святы Рафал Каліноўскі. Другі дзень сустрэчы быў прысвечаны глыбокаму аналізу пройдзенага шляху, шчыраму манаскаму дыялогу і выбару новага Рэгіянальнага вікарыя.

 

Эўхарыстычная сустрэча: школа некрывадушнай любові і манаскага служэння

Ранішняе святло новага дня манахі-кармэліты сустрэлі супольнай малітвай Ютрані і цэлебрацыяй святой Імшы — крыніцы і вяршыні ўсяго хрысціянскага жыцця. Падчас гаміліі галоўны цэлебрант звярнуўся да прысутных з глыбокім пастырскім словам, засяродзіўшы ўвагу на таямніцы Божай любові. Удзельнікам Кангрэсу было нагадана, што кожны чалавек адкуплены каштоўнай Крывёю Хрыста, і менавіта гэтая ахвяра нараджае ў сэрцы галоўнае заданне — імкнуцца да шчырай, некрывадушнай любові да бліжніх.

Паводле духоўнай спадчыны святога Яна ад Крыжа, уся сутнасць хрысціянскай святасці заключаецца ў здабыцці гэтай дасканалай любові. А паколькі чалавечае сэрца яшчэ не цалкам чыстае, манаская супольнасць становіцца прасторай, дзе прыгожы дар любові ўзрастае і спее. Чалавек не здольны дасягнуць гэтага самастойна — у гэтым яму дапамагае сам Бог. Святар заклікаў кожнага брата паставіць перад сабой пытанне: чаго менавіта Бог хоча ад майго жыцця і як я магу больш поўна адказаць на любоў Збаўцы? Езус прыйшоў у гэты свет не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць самому. Найсвяцейшая Панна Марыя, даруючы братам кармэлітам і вернікам шкаплер як знак сваёй асаблівай мацярынскай апекі, вобразна пакідае нам манаскі фартух — сімвал гатоўнасці да працы і служэння бліжнім. Таму і кожнае служэнне ў Кармэлі існуе толькі дзеля таго, каб у пакоры служыць братам у Хрысце.

 

Духоўныя і матэрыяльныя далягляды: вынікі мінулага перыяду

Пасля літургічнай сустрэчы распачалася пленарная сесія, прысвечаная справаздачам. Прысутным прадставілі працу нядаўняга правінцыяльнага капітула, які праходзіў пад знакам юбілею святога Яна ад Крыжа. Гэты рэтраспектыўны агляд ахапіў найбольш істотныя бакі манаскага быцця: аднаўленне харызматычнага жыцця, прыгажосць літургічнага служэння і глыбіню асабістай малітвы, стан духоўнай і манаскай фармацыі маладых пакліканняў, а таксама перспектывамі развіцця супольнасцяў Свецкага ордэна (OCDS). Правінцыяльны капітул завяршыўся актам аддання усёй правінцыі пад апеку святога Юзафа, патрона Кармэлю.

Наступным важным этапам стала справаздача айца Вікарыя, які акрэсліў сучасны стан Кармэлю на беларускай зямлі. На сённяшні дзень беларускі Кармэль складаецца з чатырох супольнасцяў — у Мядзелі, Гудагаі, Нарачы і Мінску. У іх служаць 13 святароў, а яшчэ адзін брат праходзіць манаскую фармацыю. Асноўнымі напрамкамі апостальскай дзейнасці застаюцца парафіяльнае душпастырства, служэнне пілігрымам і наведвальнікам санктуарыя ў Гудагаі, а таксама ў розных сферах і па патрэбам Касцёла ў Беларусі. Новарабудаваны кляштар ў Мінску дазваляе братам скіраваць асноўныя сілы на пашырэнне розных кірункаў душпастырства і больш поўнае сведчанне кармэліцкага харызмату ў сталіцы. Далей Кангрэс заслухаў справаздачы адказных за асобныя сферы жыцця Вікарыяту і настаяцеляў супольнасцёй.

 

Супольная малітва і выбар Вікарыя

Пасля абедзеннага перапынку браты зноў сабраліся разам, каб з дапамогай Духа Святога здзейсніць выбар новага Рэгіянальнага вікарыя. Браты абралі а. Генрыха ад Збаўчай Крыві Хрыстуса (Генрых Валэйка).

Новы Вікарый нарадзіўся 5 жніўня 1984 года ў станцыі Гудагай. Першыя манаскія шлюбы прыняў у Нарачы 3 верасня 2011 года. Пасля вучобы ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску і ў семінарыі кармелітаў босых у Познані 22 красавіка 2017 года ў Гудагаі атрымаў святарскае пасвячэнне. Апошнім часам ён служыў настаяцелям супольнасці ў Мядзелі.

Гэты насычаны і духоўна багаты дзень завяршыўся супольнай вячэрняй малітвай — медытацыяй, Нешпарамі і Камплетай. Узносячы свае галасы да Бога, удзельнікі Кангрэсу даверылі Яго міласэрнасці зроблены выбар і ўсю будучыню Кармэлю ў нашай бацькаўшчыне.

Капітулярны капітул працягвае сваю працу яшчэ 28 мая 2026 года.

 

Просім усіх аб шчырай малітве за новаабранага айца Вікарыя Генрыха і за беларускага Кармэлю.

 

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave