З 5 па 9 кастрычніка 2026 года ў Доме Святой Тройцы Таварыства Божага Слова (вербістаў) у Баранавічах прайшлі рэкалекцыі для кармэлітаў босых з усёй Беларусі. На духоўныя практыкаванні сабраліся браты, якія жывуць і служаць у Гудагаі, Мядзелі, Нарачы і Мінску. Пяць дзён былі прысвечаны супольнай малітве і слуханню Слова Божага. Рэкалекцыі правёў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Кожны дзень браты збіраліся на Святую Імшу і разам цэлебравалі Літургію Гадзін. Раніцай і ўвечары яны мелі па гадзіне на медытацыю. Быў таксама час на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту — малітву перад Езусам Хрыстом, рэальна прысутным у Эўхарыстыі. Манахі разам елі, а расклад дня пакідаў прастору для адпачынку і дзялення думкамі.
Біскуп Юрый Касабуцкі прамаўляў жывой і даступнай мовай. Свае разважанні рэкалекцыяніст распачаў з тэмы пустыні. У ягоным разуменні пустыня — гэта не месца ўцёкаў ад рэальнасці, а прастора праўды, дзе чалавек стаіць без масак і слухае Бога. Аднак яна не з'яўляецца самамэтай — з пустыні заўсёды ідуць да братоў. Менавіта ў штодзённасці супольнага жыцця — за сталом, у калідоры ці ў закрыстыі высвятляецца, як чалавек зразумеў тое, што пачуў на асабістай сустрэчы з Богам.
Першае пытанне, якое паставіў іерарх, гучала: хто мой брат? Адказ не заўсёды просты. Брат — гэта той, хто выконвае волю Айца, каму патрэбна дапамога, а таксама вораг…
Біскуп не абмінуў і тэмы паклікання. Нагадаў, што менавіта Бог выбірае чалавека — не таму, што той быў добрым, але для таго, каб сфармаваць яго паводле сваёй волі. Рэкалекцыяніст гаварыў пра трыванне ў Хрысце на ўзор галінак на вінаграднай лазе. Ён падкрэсліў, што ачышчэнне прыносіць боль, бо яно б’е па чалавечых амбіцыях і падманным пачуцці самадастатковасці, аднак без яго няма плёну. Братэрскую любоў біскуп паказаў як наследаванне Хрыстовай любові «як Я вас палюбіў» (Ян 13, 34) , а манаскія абяцанні — як дар ад Бога. Усе гэтыя думкі ён падмацоўваў спасылкамі на Святое Пісанне і Айцоў Касцёла.
Канферэнцыі былі рэалістычнымі. Біскуп не прадстаўляў манаскае жыццё выключна ў светлых фарбах. Адкрыта казаў пра крызісы, духоўную сухасць, стомленасць, а таксама пра спакусу актывізму, які вядзе да выпальвання. Іерарх папярэджваў, што чалавечае сэрца не церпіць пустэчы — калі яго не напоўніць жывая прысутнасць Хрыста, чалавек паддасца слабасцям. Але біскуп нагадваў: крыж, пад якім стаіць чалавек у сваім пакліканні, ніколі не з'яўляецца самамэтай — ён вядзе да ўваскрасення.
Праз канкрэтныя евангельскія вобразы біскуп акрэсліў глыбокі сэнс манаскага служэння і паклікання. Прыклад міласэрнага Самараніна стаў наглядным заклікам да дзейснай любові, здольнай ахінуць клопатам кожнага, хто патрабуе дапамогі, а гісторыя Марты і яе сястры Марыі нагадала пра прыгажосць сузірання Хрыста сярод штодзённых абавязкаў. Узгадваючы апосталаў, якія разам з Маці Божай адзінадушна трывалі на малітве, іерарх паказаў сілу супольнасці, здольнай пераадолець любыя ўнутраныя падзелы, што пагражаюць адзінству. Галоўным жа акцэнтам навучання стала абвяшчэнне перамогі: Хрыстус, які сілаю Божаю перамагае зло і злых духаў, заўсёды застаецца побач. Яго ласка мацнейшая за любыя чалавечыя слабасці, і Ён абавязкова дапаможа кожнаму трываць у пакліканні, прыносячы багаты плён. Кожная з гэтых сцэн была для братоў люстэркам. Паказвала, што значыць трываць у Хрысце і ісці за Ім у штодзённасці. Біскуп кожную евангельскую сцэну наўпрост звязваў з рэальным штодзённым жыццём у манастыры. Іерарх паказваў, як менавіта гэтыя словы Хрыста павінны працаваць на практыцы: у адносінах паміж братамі, у супольнай працы і ў штодзённых абавязках.
На заканчэнне рэкалекцый біскуп заклікаў братоў трываць далей і заставацца вернымі Хрысту ў паўсядзённым жыцці і служэнні там, дзе яны знаходзяцца.
Перад вяртаннем браты правялі сустрэчу, на якой абмеркавалі справы сваіх супольнасцей, беларускага вікарыяту ды ўсяго ордэна. Узбагачаныя духоўна кармэліты босыя раз’ехаліся па дамах, каб далей служыць Пану Богу і людзям.
Тэкст, фота: Аркадзь Куляха OCD
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave