У перыяд з 4 па 8 кастрычніка ў Навагрудку манахі кармэліты босыя з Рэгіянальнага Вікарыяту ў Беларусі перажывалі свае штогадовыя манаскія рэкалекцыі. Духоўныя практыкаванні служаць паглыбленню духоўнага жыцця, аднаўленню веры, надзеі і любові, а таксама дапамагаюць засяродзіцца над рэалізацыяй манаскага харызмату сярод штодзённага служэння і працы.
На рэкалекцыі прыбылі прадстаўнікі з ўсіх супольнасцяў кармэлітаў босых у Беларусі – з Гудагаю, Мядзела, Мінска і Нарачы. Распачаліся рэкалекцыі малітвай да Духа Святога. Таксама браты ў малітве даручылі Божай Міласэрнасці спачылага а. Бэрнарда Радзіка, які зусім нядаўна адышоў у вечнасць.
Духоўныя канферэнцыі і гаміліі абвяшчалі прадстаўнікі Ордэна Братоў Капуцынаў. Тэматыка рэкалекцый была засяроджана вакол асобы святога Юзафа, год якога цяпер у Касцёле адзначаецца. Была звернута ўвага на паслухмянасць Юзафа Богу, нягледзячы на свае жыццёвыя планы, мары і чалавечае неразуменне жыццёвых абставін. Таксама было падкрэслена тое, што ёсць адно пакліканне кожнага чалавека – гэта святасць і еднасць з Богам. Усе іншыя служэнні і прафесіі з’яўляюцца сродкамі дзеля дасягнення гэтай мэты. Рэкалекцыяніст таксама клаў націск на неабходнасць самарэалізацыі, самапазнання і здзяйснення плану збаўлення праз практыку манаскага жыцця, малітву і няспыннае паглыбленне духоўных ведаў.
Падчас усяго часу рэкалекцый адчувалася атмасфера братэрства, радасці і ўдзячнасці Пану Богу за дар супольнасці Кармэлю.
а. Юрый Кулай OCD
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave