24/12/23

Урачыстасць Божага Нараджэння

ЕВАНГЕЛЛЕ (Ян 1, 1–18)

На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.

З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло.

Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет.

У свеце было Слова, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі.

А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі  дзецьмі, што вераць у імя Ягонае, якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.

Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды.

Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне».

Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў.

Каментарый

Бог увайшоў у нашу зямную гісторыю. Вырашыў стаць падобным да нас ва ўсім, што мы зведваем у жыцці, апроч граху. Ён увайшоў у канкрэтны час, краіну і месца, дзе прыняў рашэнне прайсці свой жыццёвы шлях дзеля нас. Той, хто стварыў час, згадзіўся абмежаваць сябе часам, порамі дня і ночы, порамі года… Той, для каго заўсёды ёсць «сёння», згадзіўся, каб Яго жыццё было абмежавана гада́мі. Ён падпарадкаваўся законам прыроды і развіцця чалавека, выбраў жыццё ў канкрэтнай культуры.

Бог так моцна палюбіў чалавека, што вырашыў прыняць наш спосаб быцця.

«Слова сталася целам і пасялілася між намі».

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 1, с. 98–99.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave