ЕВАНГЕЛЛЕ (Ян 16, 12–15)
Езус сказаў сваім вучням: «Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам усё, што пачуў, і будучыню абвесціць вам. Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам. Усё, што мае Айцец, гэта Маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам».
Каментарый
Сённяшняе Евангелле пралівае новае святло на ролю Духа Святога і на таямніцу Святой Тройцы. Падчас апошняй вячэры Езус, абяцаючы паслаць Духа Святога, гаворыць: «Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе». Сам Езус таксама з’яўляецца праўдай і Ён навучыў сваіх усёй праўдзе, якую пачуў ад Айца — «усё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам». Таму Дух Святы не навучае пра тыя рэчы, якіх не было б у пасланніцтве Хрыста, але, хутчэй, дазваляе ўнікнуць у іх глыбокае значэнне, дае дакладнае разуменне, паказваючы ўсю глыбіню праўды.
Ёсць толькі адзін Бог, таму — толькі адна праўда; Айцец мае ўсю яе і ўсю перадае Сыну: «Усё, што мае Айцец, гэта Маё», — аб’яўляе Езус і дадае: «Дух Святы з Майго возьме і абвесціць вам». Тым самым Езус адкрывае адзінства прыроды трох Божых Асобаў і розніцу паміж Імі. У іх супольная не толькі праўда, але ўсё; Яны маюць адну Боскую прыроду. Айцец мае яе як пачатак усяго, Сын — як народжаны з Айца, Дух Святы — як той, Хто паходзіць ад Айца і Сына. Аднак Айцец не большы за Сына, а Сын не большы за Духа Святога. У Іх — дасканалая супольнасць жыцця, праўды і любові. Божы Сын прыйшоў на зямлю менавіта для таго, каб прывесці чалавека да гэтай найвышэйшай супольнасці; каб учыніць яго здольным праз веру і любоў жыць у лучнасці з Найсвяцейшай Тройцай, якая жыве ў яго душы.
Айцец Габрыэль ад св. Марыі Магдалены OCD, З кнігі “Żyć Bogiem”, том II, с. 485
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave