ЕВАНГЕЛЛЕ (Лк 23, 35–43)
Насміхаліся з Езуса разам з народам і кіраўнікі, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай уратуе сябе самога, калі Ён Месія, выбраны Богам». Таксама і жаўнеры здзекаваліся з Яго. Падыходзілі і падносілі Яму воцат, кажучы: «Калі Ты Кароль юдэйскі, уратуй сябе самога». І быў над Ім надпіс: «Гэта Кароль юдэйскі». Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Калі Ты Месія, уратуй сябе і нас». А другі ў адказ дакараў яго і казаў: «Ты нават Бога не баішся, хоць і сам асуджаны на тое самае? Мы асуджаныя справядліва, бо за тое, што зрабілі, атрымліваем. Ён жа нічога благога не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». Езус адказаў яму: «Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі».
КАМЕНТАРЫЙ
«Сёння ж будзеш са Мною ў раі!» Шчасліўчык гэты злачынца: пачуць такія словы — гэта сапраўднае шчасце. Як жа нам цяжка — калі мы цвёрда трымаемся свайго стэрэатыпнага ўяўлення пра свет, пра людзей, пра Бога, пра Месію — дазволіць сабе адчуць захапленне ад таго, што Езус не такі, як мы. Часам, можа, нам хацелася б прымусіць Яго, каб Ён штосці даказаў нам, дастасоўваючыся да нашага разумення. Можа, мы усклікаем, як той другі злачынца: «Калі Ты Месія, уратуй сябе і нас». Уратуй — гэта значыць, учыні так, каб мы не мусілі вісець, прыбітымі да крыжа, каб не мусілі ўжо цярпець і каб мы зноў маглі жыць сабе, як раней, без неабходнасці мяняць што-небудзь.
Часта мы нават не спрабуем дазволіць ані Богу, ані самім сабе змяніць нашае мысленне. Не дапускаем да сябе думкі, што гэтае выратаванне зусім не мусіць быць звязана з пазбаўленнем ад пакутаў ці цяжкасцяў, а заключаецца ў тым, каб заўважыць у іх глыбокі сэнс, а перадусім — нястомна любячую Прысутнасць. Бо менавіта ў гэтым заключаецца сапраўднае навяртанне (metanoia), гэта значыць змена спосабу мыслення.
Шчасліўчык гэты злачынца, таму што адважыўся мець пра Асуджанага, які вісеў побач з ім, іншае меркаванне, адрознае ад меркавання цэлага натоўпу, які здзекаваўся з Яго. Шчаслівы — гэта значыць благаслаўлёны; кананізаваны самім Езусам.
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 334-335.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave