26/05/2026

У Мядзелі распачаўся III Капітулярны Кангрэс кармелітаў босых у Беларусі

26 мая 2026 года ў Мядзелі распачаў працу III Капітулярны кангрэс Рэгіянальнага вікарыяту Ордэна Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль (кармелітаў босых) у Беларусі. Гэтая сустрэча склікаецца рэгулярна раз у тры гады і збірае разам братоў кармэлітаў босых з усіх супольнасцяў краіны.

Дзень малітоўнага засяроджання і духоўнага роздуму

Першы дзень сустрэчы меў выключна малітоўны характар. Браты цалкам прысвяцілі час медытацыі і духоўным разважанням. Дзень засяроджання правёў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. На працягу дня іерарх выступіў перад братамі з дзвюма канферэнцыямі, а таксама ўзначаліў святую Імшу і звярнуўся да прысутных з казаннем.

Падчас першай канферэнцыі біскуп засяродзіў увагу на супольным жыцці, звяртаючыся да настаўленняў святых Айцоў Касцёла - Базыля Вялікага, Аўгустына і Пахомія. Ён адзначыў, што манаская супольнасць - гэта прастора пераадолення эгаізму, пошуку супольнага дабра і еднасці ў любові. У такім жыцці браты становяцца люстэркам для ўласных паводдзін, а размеркаванне матэрыяльных дабротаў адбываецца паводле патрэбаў кожнага.

Спасылаючыся на вопыт егіпецкага пустынніка святога Яна Касіяна і старца Макарыя, біскуп нагадаў пра важнасць паслухмянасці, адрачэння ад свету, памірання для ўласных жаданняў і поўнага даверу волі настаяцеляў. Асобна была падкрэслена неабходнасць і важнасць духоўнага кіраўніцтва.

Выклікі сучаснага свету і лек ад «віртуальных уцёкаў»

Аналізуючы актуальны стан манаскага жыцця, біскуп акрэсліў сучасныя выклікі часу, сярод якіх - імклівыя змены ў грамадстве, унікненне змешаных манаскіх інстытутаў, новыя экуменічныя тэндэнцыі, а таксама ўплыў тэхналогій і інтэрнэту. Іерарх заклікаў прысутных шукаць унутраны баланс у лічбавай сферы, звяртаць увагу на годнасць чалавечай асобы і пры патрэбе звяртацца па псіхалагічную падтрымку. Гэта дапаможа не страціць уласную харызму і ідэнтычнасць, каб быць «не з гэтага свету», але заставацца зразумелымі і адкрытымі для людзей.

Цэнтрам дня стала Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Падчас літургіі браты асаблівым чынам маліліся з нагоды 35-й гадавіны святарскага пасвячэння айца Правінцыяла Лукаша і выказалі шчырую падзяку айцу Вікарыю Пятру за яго служэнне.

У сваім слове, заснаваным на закліках «Радуйцеся ў Пану... Лагоднасць ваша хай будзе вядомая ўсім людзям» і «Каб яны былі адно... Каб паверыў свет», біскуп Юрый адзначыў, што заклік да хрысціянскай радасці звернуты да кожнага чалавека. Іерарх адкрыта закрануў праблемы канфліктаў, выгарання ў супольнасцях, розніцы паміж пакаленнямі і ізаляцыі праз «віртуальныя ўцёкі». Сапраўдным лекам ад гэтых небяспек пастыр назваў супольную Літургію Гадзінаў і як супольную так і асабістую малітву, якія заўсёды важнейшыя за працу і актывізм, а таксама шчырасць, адкрытасць, любоў і супольны адпачынак (рэкрыяцыю). Напрыканцы казання біскуп Юрый падзякаваў кармелітам босым за іх сведчанне ў Беларусі і заахвоціў да далейшай вернасці.

Улада як служэнне і распазнанне Божай волі

Пасля абеду Біскуп Юрый прадставіў другую канферэнцыю біскупа, прысвечаную будучым выбарам новага кіраўніцтва Вікарыяту і іншых настаяцеляў. Спасылаючыся на словы святога Аўгустына аб тым, што Дух Святы з’яўляецца для Касцёла тым, чым душа для цела, іерарх адзначыў, што манаскае жыццё і Капітул - гэта цалкам вынік дзеяння Духа Святога, які непасрэдна кіруе прыняццем рашэнняў.

Біскуп падкрэсліў, што улада ў Касцёле - гэта не сродак рэалізацыі ўласных амбіцый, а дыяконія (служэнне), канал Божай любові і гатоўнасць аддаць жыццё за бліжніх. Абапіраючыся на пасланні святога апостала Паўла, які заклікаў дбаць пра сябе і пра даручаны статак, і на правілы святога Базыля Вялікага, ён нагадаў крытэрыі выбару настаяцеля. Выбар у Касцёле павінен быць распазнаннем Божай волі праз малітву, цішыню і пост, як вучыў святы Ігнацій Лаёла, інакш ён рызыкуе ператварыцца ў галасаванне паводле чалавечых сімпатый. Біскуп перасцярог ад падзелаў і стварэння груповак, якія сее д’ябал, і заклікаў прыняць вынік выбараў у духу вернасці і паслухмянасці, бо Бог кіруе супольнасцю нават праз абмежаваных людзей.

Напрыканцы разважанняў біскуп Юрый пакінуў братам тры пытанні для медытацыі: ці ўмеюць яны суцішыць свае эмоцыі, каб пачуць Духа Святога; чаго менавіта яны шукаюць у кандыдатах на настаяцеляў і як могуць падтрымаць новых настаяцеляў як супольнасць і кожны асабіста.

Гэты насычаны малітоўны дзень завяршыўся супольнай адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, ціхай медытацыяй, Нешпарамі і Камплетай. На працягу гэтага часу браты таксама збіраліся разам за супольным сталом.

Працоўны рытм і бліжэйшыя планы Кангрэсу

У праграме Кангрэсу прадугледжана, што 27 мая распачнецца працоўная частка форуму. Пасля Ютрані і ватыўнай святой Імшы да Духа Святога, якую ўзначаліць айцец Правінцыял, адбудзецца першая працоўная сесія. На ёй пройдуць афіцыйнае адкрыццё кангрэса, уводзіны, выбар сакратара, а таксама будуць прадстаўлены справаздачы за мінулае трохгоддзе Рэгіянальнага Вікарыя, Эканома і настаяцеляў супольнасцяў, пасля чаго запланавана дыскусія. Пасля абеду браты збяруцца на другую сесію, галоўнай падзеяй якой стане выбар новага Рэгіянальнага вікарыя і зацвярджэнне гэтага выбару Правінцыялам.

Працоўныя сесіі працягнуцца таксама 28 мая. Дзень распачнецца з Ютрані, ранішняй святой Імшы, а таксама медытацыі. Трэцяя сесія, прысвечаная выбару дарадчыкаў Рэгіянальнага Вікарыяту, а таксама супольнай працы ў групах. Пасля абеду браты збяруцца на заключную, чацвёртую сесію, падчас якой адбудуцца выбары настаяцеляў асобных супольнасцей кармелітаў босых у Беларусі і зацвярджэнне прынятых рашэнняў. Разгледзеўшы бягучыя справы і зацвердзіўшы выніковы пратакол, III Капітулярны Кангрэс завершыць сваю працу. Удзельнікі просяць аб малітоўнай падтрымцы.

Тэкст і фота: Аркадзь Куляха OCD

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave