ЕВАНГЕЛЛЕ (Мц 4, 1–11)
Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. Пасля сарака дзён і сарака начэй посту адчуў голад. Тады падышоў да Яго спакуснік і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам». А Ён сказаў у адказ: «Напісана: „Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых“».
Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад і паставіў на крыле святыні і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: „Анёлам сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагой сваёй“». Езус сказаў Яму: «Напісана таксама: „Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго“».
Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх. І сказаў Яму: «Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне». Тады сказаў яму Езус: «Адыдзі, сатана! Бо напісана: „Пану Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы“». Тады д’ябал пакінуў Яго, — і вось Анёлы падышлі і служылі Яму.
КАМЕНТАРЫЙ
На пачатку Вялікага посту, на парозе прыняцця кожным з нас асабістага рашэння — выйсці ў пустыню ўласнага сэрца і шукаць шлях, каб вярнуцца да Пана, вярнуцца да першапачатковай руплівасці ў любові да Яго, — Касцёл нагадвае нам пра сцэну выпрабоўвання Езуса ў пустыні. Сітуацыя саракадзённага посту і тыя змаганні, якія зведаў Езус, калі падышоў да Яго спакуснік, могуць быць для нас нагодаю да падбадзёрвання падчас барацьбы і да ўзрастання ў даверы. Езус прайшоў гэты шлях перад намі. Ён стаў сярод нас у слабой і ненадзейнай чалавечай натуры дзеля таго, каб праявіць вернасць свайму сыноўству перад Айцом і ўкласці ў нашыя вусны меч свайго Слова; каб падрыхтаваць нас да барацьбы з тым, які ўжо пераможаны.
Сённяшняя сцэна спакушэння на пустыні паказвае нам тры моманты, тры спосабы спакусніка, мэтай якіх было трапіць у самае важнае — у сыноўскія адносіны Езуса да Айца.
Няхай барацьба, якую вёў Сын Чалавечы, натхняе нас да пільнасці і памнажае ў нас мужнасць; няхай яна ўкараняе нас у даверы да Адзінага, сапраўднага Бога, нашага Айца, каб мы, умацаваныя ў веры, прыносілі шчодрыя плады ўчынкаў любові.
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 15-16.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave