Евангелле (Мк 3, 20-35)
І прыйшоў Езус з вучнямі ў дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават паесці хлеба. Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум. А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбуба і князем злых духаў Ён выганяе злых духаў. А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: «Як можа сатана выганяць сатану? Калі валадарства падзеліцца знутры, не можа выстаяць такое валадарства. І калі дом падзеліцца знутры, не можа выстаяць такі дом. І калі сатана паўстаў супраць сябе і падзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму. Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка. Тады толькі абрабуе дом ягоны. Сапраўды, кажу вам, што сынам чалавечым будуць адпушчаны ўсе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але той, хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, ніколі не атрымае адпушчэння, а будзе асуджаны навекі». Так сказаў, бо гаварылі пра Яго: «Ён мае нячыстага духа».
Тады прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. Натоўп, які сядзеў каля Яго, казаў Яму: «Вось Маці Твая і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе».
Але Ён сказаў ім у адказ: «Хто маці Мая і браты Мае?» І, паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці».
Каментарый
Як справіцца з навізною вучэння Езуса, якое нас шакіруе? Трэба неяк кваліфікаваць яго, прыстасаваць да катэгорый вядомага свету. І таму — Ён «страціў розум» або «мае нячыстага духа»…
Цікава, што Езус увогуле не звяртае ўвагу на першы дакор і так дакладна растлумачвае другі. Можна заўважыць, што Езус адмаўляецца абараняцца там, дзе ставіцца пад сумненне стан Яго чалавечнасці. І зусім інакш паводзіць сябе ў выпадку Яго місіі («выганяе злых духаў»), бо гэтую місію Ён атрымаў ад Айца, у ёй заключаецца сутнасць Яго тоеснасці.
Непрызнанне гэтай тоеснасці Езус называе блюзнерствам; да таго ж такім блюзнерствам, якое не будзе адпушчана. Езус дзейнічае моцай Духа Святога, а чалавечыя акамянелыя сэрцы хочуць бачыць тут сілу злога духа. Праз такое супраціўленне Божай ласцы чалавек сам адгароджваецца ад праўды, і таму адпушчэнне становіцца немагчымым — яно было б несапраўдным, не было б прынятае. Яно было б насіллем над чалавечай свабодай.
Драматычна тое, што другі дакор паходзіць ад кніжнікаў. Ім цяжка ўсумніцца ў сваім вядомым і бяспечным свеце. А тыя, хто прымае ласку, з’яўляюцца сям’ёю Езуса.
З кнігі кармэліцкіх разважанняў
“Szukać Jego towarzystwa”, т. 3, с. 194-195
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave