17/06/23

11 звычайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ (Мц 9, 36–10, 8)

У той час: Езус, убачыўшы натоўпы людзей, злітаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра. Тады Ён кажа вучням сваім: Жніво вялікае, ды работнікаў мала; дык маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё.

І, паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. Імёны ж дванаццаці апосталаў былі такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Забядэя і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацвей мытнік, Якуб Алфееў і Тадэвуш, Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго.

Гэтых дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: На шлях паганцаў не ідзіце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. Найбольш ідзіце да авечак з дому Ізраэля, якія загінулі. А ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма і давайце.

Каментарый

У Евангеллі гаворыцца, што Езус «устанавіў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць» (Мк 3, 14). Дзве рэчы: каб былі з Ім і каб іх пасылаць прапаведаваць. Ёсць адзін аспект, які здаецца супярэчлівым: Ён заклікае іх заставацца з ім і ісці прапаведаваць. Можна бы сказаць: або адно, або другое, заставайся або ідзі. Аднак не: для Езуса няма магчымасці пайсці, не застаючыся, і няма магчымасці застацца, не пайшоўшы. Зразумець гэта няпроста, але гэта так. Давайце паспрабуем крыху зразумець, у чым сэнс гэтых слоў Езуса. Перш за ўсё, нельга ісці, не застаючыся: перад тым, як паслаць вучняў на місію, Хрыстус, як гаворыцца ў Евангеллі, «кліча іх да сябе» (пар. Мц 10, 1). Абвяшчэнне нараджаецца з сустрэчы з Панам; кожная хрысціянская дзейнасць, асабліва місія, пачынаецца з гэтага. Гэта не вучоба ў акадэміі, не! Яно распачынаецца са сустрэчы з Панам. Насамрэч быць сведкам гэтага азначае выпраменьваць Яго. Аднак, калі мы не прымем Яго святло, мы пагаснем; калі мы не будзем Яго часта наведваць, мы прывядзём сябе замест Яго - я прывяду сябе, а не Яго - і ўсё будзе дарэмным. Таму толькі той, хто прабывае з Езусам, можа несці Евангелле. Той, хто не з Ім, не можа несці Евангелле. Такі чалавек прынясе ідэі, але не Евангелле. Таксама, аднак, нельга застацца, не пайшоўшы. Без абвяшчэння, без служэння, без місіі адносіны з Езусам не развіваюцца.

Франішак, Агульная аўдыенцыя, 15 лютага 2023 г.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave