ЕВАНГЕЛЛЕ (Мк 5, 21–24. 35b–43)
Калі Езус ізноў пераправіўся ў чаўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора. І вось прыходзіць адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Яго, падае да Ягоных ног і моцна просіць Яго, кажучы: “Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна выздаравела і жыла”. І пайшоў з ім Езус. А вялікі натоўп ішоў за Ім, і ціснуліся да Яго.
І прыходзяць ад кіраўніка сінагогі і кажуць: “Дачка твая памерла, чаго ты яшчэ турбуеш Настаўніка?” Але Езус, пачуўшы сказаныя словы, кажа кіраўніку сінагогі: “Не бойся, толькі вер!” І не дазволіў нікому ісці за сабою, апрача Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. І прыходзіць у дом кіраўніка сінагогі. І бачыць Ён мітусню, плач і вялікае галашэнне. І, увайшоўшы, кажа ім: “Чаго мітусіцеся і плачаце, дзіцё не памерла, але спіць”. І смяяліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, бярэ з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з імі, і ўваходзіць туды, дзе было дзіцё. І, узяўшы дзіцё за руку, кажа ёй: “Таліта, кум!” — што значыць: дзяўчынка, табе кажу, устань! І адразу ж устала дзяўчынка і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі ў вялікім здзіўленні. А Ён сурова загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў, каб далі ёй есці.
КАМЕНТАРЫЙ
«І смяяліся з Яго». Упэўненыя ў сваім разуменні жыцця, упэўненыя ў тым жыццёвым досведзе, які маем, упэўненыя ў тым, што бачым, чуем, адчуваем, мы нават можам пасмяяцца над Богам, які зусім Іншы. Пасля першароднага грэху неўралгічная балявая кропка нашага змагання з Богам заўсёды адна і тая ж: для Бога смерць, якая нам здаецца канцом, з’яўляецца пераходам, этапам, дарогай, яна нібы сон. А мы не хочам паміраць, баімся страчваць, трымаем жыццё ў сваіх руках, не хочам дапускаць хвароб, цярпення. І Езус уваходзіць ва ўсё гэта і кажа адно: даверся, вер, гэта толькі «момант», з якім нічога не заканчваецца. Часам Езус дзейнічае імгненна — падае нам руку і падымае з ямы пагібелі (Пс 40 [39], 3), як у выпадку з дачкой Яіра. Іншым разам патрэбны дзясяткі гадоў, каб (як у жыцці жанчыны) страціць выключна чалавечыя спадзяванні і шукаць вырашэння праблемы ў Пана.
Езу, поўны моцы Ты праходзішь з намі праз перыпетыі лёсу, які любіць нас заставаць знянацку. Дастаткова даверыцца Табе, дакрануцца да Цябе, каб жыць і адкрыць сэрца на сюрпрызы ад Айца, сярод якіх сястра смерць аказваецца толькі сном.
З кнігі кармэліцкіх разважанняў
“Szukać Jego towarzystwa”, т. 3, с. 256 – 257
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave