25/06/22

13 звычайная нядзеля

Евангелле (Лк 9, 51–62)

Калі набліжаліся дні ўзнясення Езуса, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт. Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем. Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: «Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх?» Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім. І пайшлі ў іншую вёску.

Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў». Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву». А другому сказаў: «Ідзі за Мною». Той адказаў: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць айца майго». Але Езус сказаў яму: «Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае». Яшчэ іншы сказаў: «Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі». Езус жа сказаў яму: «Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».

 

Каментарый

У сёняшнім Евангеллі прадстаўлены Езус, які пасля аб’яўлення на гары Табор разам з Апосталамі адпраўляецца ў далёкае падарожжа — у Ерузалем, дзе будзе асуджаны і ўкрыжаваны. У дарозе Ён сустракае трох маладых людзей, якія жадаюць стаць Ягонымі вучнямі. Яны прадстаўляюць вобраз вялікай колькасці тых людзей, якія пойдуць за Езусам на працягу вякоў. Езус растлумачвае ім, на якіх умовах можна наследаваць Яго.

«Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў», — гаворыць першы, а Езус яму адказвае: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву». Той, хто хоча наследаваць Хрыста, не павінен чакаць бяспечнага становішча і зямных дабротаў. Да другога Езус сам скіроўвае катэгарычны заклік, амаль загад: «Ідзі за Мною». Гэтаму, а таксама трэцяму, які прасіў «развітацца з хатнімі», Езус без ваганняў заяўляе, што нельга цягнуць з адказам на Ягоны заклік. Бываюць сітуацыі, калі спазненне або вяртанне на ўласны шлях можа парушыць усё: «Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».

Гэта асабліва датычыць паклікання да святарства і да манаскага жыцця. Але нельга думаць, што такія вымаганні не датычаць звычайных верных. Для ўсіх — нават у сямейным жыцці, у прафесійнай і грамадскай дзейнасці — можа настаць момант, калі ад іх будзе патрабавацца, каб праявілі гераічную адданасць, за якую прыйдзецца заплаціць вялікую ахвяру.

а. Габрыэль ад св. Марыі Магдалены OCD, “Żyć Bogiem”, том II, стар. 334.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave