11/07/26


15 Звычайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ  (Мц 13, 1–23)

 

У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. Сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе. Ён шмат гаварыў ім у прыпавесцях, кажучы: «Вось, выйшаў сейбіт сеяць. Калі сеяў, некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх. Другія ж упалі на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокая. Аднак, калі ўзышло сонца, яны завялі і таму, што не мелі каранёў, засохлі. А іншыя ўпалі сярод церняў, і выраслі церні, і заглушылі іх. Яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў трыццаць. Хто мае вушы, няхай слухае». І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: «Навошта Ты гаворыш ім у прыпавесцях?» А Ён адказаў ім: «Таму што вам дадзена пазнаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім не дадзена. Бо хто мае, таму дадзена будзе, і атрымае ўдосталь, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае. Таму Я гавару ім у прыпавесцях, бо яны глядзяць, а не бачаць, слухаюць, а не чуюць і не разумеюць. На іх спаўняецца прароцтва Ісаі, якое кажа: “Слухаць будзеце, і не зразумееце, і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце. Бо абрасло тукам сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб не ўбачыць вачыма, і не пачуць вушамі, і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца, каб Я вылечыў іх”. Але шчаслівыя вочы вашыя, таму што бачаць, і вушы вашыя, таму што чуюць. Бо сапраўды кажу вам: многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і пачуць тое, што вы чуеце, і не пачулі! Вы ж паслухайце значэнне прыпавесці пра сейбіта. Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства, а не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасеянае пры дарозе. А пасеянае на камяністых месцах — гэта той, хто чуе слова і адразу прымае яго з радасцю, але не мае ў сабе кораня і нясталы. Калі за слова настане ўціск ці пераслед, ён адразу спакушаецца. Пасеянае ж у церні — гэта той, хто чуе слова, але турботы гэтага веку і зман багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным. Пасеянае ж на добрай зямлі — гэта той, хто чуе слова і разумее, і прыносіць плён, адзін у сто разоў, другі ў шэсцьдзя сят, а іншы ў трыццаць».

 

(КАМЕНТАРЫЙ)

 

Сёння зноў такі дзень, калі Езус выходзіць з дому на бераг Галілейскага мора. Менавіта Ён — Той, хто выходзіць, чакае і сумуе. Ён выходзіць з дому Айца на бераг нашага існавання, да водаў нашых сумненняў і нашага неспакою. Веліч Ягонай любові пакідае нам прастору свабоды: «не будзіце і не турбуйце каханай, пакуль не прачнеца сама» (Пп 3, 5). Ён ведае пра ўсе нашыя праблемы і клопаты: Хрыстус «ужо ў самім аб’яўленні таямніцы Айца і Ягонай любові поўнасцю паказвае чалавека самому чалавеку і адкрывае яму яго найвышэйшае пакліканне» (Gaudium et spes, 22). Таму вакол Яго інтуітыўна збіраюцца вялікія натоўпы.

Таксама і для нашага часу Езус з’яўляецца сімвалам, вакол якога збіраюцца вялікія натоўпы. І Ён глядзіць на іх тымі самымі вачамі, якія глядзелі на Галілейскае мора. Ён расказвае пра іх і пра нас тую самую прыпавесць. Бо нязменнаю застаецца Добрая навіна, якая робіць чалавека шчаслівым, якая адкрывае чалавека самому сабе. Аднак яна вельмі далікатная — як зерне, якое, калі зямля прыме яго, прынясе невымоўны плён, плён багацця жыцця: так што «будзе дадзена і памножыцца» (Мц 25, 29). Вечнае жыццё, задатак якога Бог дае нам у нашае распараджэнне праз сакрамэнты, з’яўляецца невымоўным багаццем, якое паглынае ўсялякі страх і цемру смерці.

 

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 3, с. 297.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave