Евангелле (Лк 10, 38–42)
Прыйшоў Езус у адну вёску. І жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго. У яе была сястра па імені Марыя, якая села каля ног Езуса і слухала Ягоныя словы. Марта ж была занятая многімі паслугамі. Яна, падышоўшы, сказала: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне». Пан жа сказаў ёй у адказ: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе».
Каментарый
Хутчэй за ўсё, Езус неспадзявана прыйшоў у дом Марты і Марыі. Калі б гэта быў запланаваны візіт, усё было б прыгатавана. А тут Марта вымушаная была круціцца — да таго ж адна, — займаючыся многімі паслугамі. Малодшая сястра, седзячы каля ног Езуса і слухаючы Ягоныя словы, не звяртала ўвагу на хмыканне Марты, якой была патрэбна дапамога. Тая, бачачы, што так нічога не даб’ецца, просіць пасрэдніцства ў Езуса: «Скажы ёй, каб дапамагла мне». Але Езус на ўсё глядзіць інакш. Ён заўважае неспакой Марты, які ўзнік з-за таго, што яна не атрымае «найлепшай часткі». Таму Езус указвае ёй на Марыю, для якой у гэты момант самае галоўнае — толькі Ён. Езус хоча перасцерагчы Марту ад празмернай актыўнасці ў служэнні, якая не дазваляе ёй слухаць Настаўніка. Таму што служэнне павінна дапаўняць слуханне словаў Езуса, а не замяняць яго.
Шмат розных рэчаў будуць імкнуцца авалодаць нашым слыхам і зрокам, шмат што будзе імкнуцца захапіць нашае сэрца, шмат думак, важных і найважнейшых справаў будзе імкнуцца пазбавіць нас часу, прызначанага для малітвы. Ці мы дазволім ім зрабіць гэта, ці не загубім сваю «найлепшую частку»?
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 3, с. 322-323.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave