16 ліпеня Ордэн Кармэлітаў Босых адзначыў сваю тытульную ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль (Шкаплернай). У гудагайскім санктуарыі цэнтральнай падзеяй гэтага дня стала цэлебрацыя адпустовай Святой Імшы, якая папярэднічае асноўным дням гудагайскага фэсту.
Галоўную Святую Імшу ўзначаліў кусташ санктуарыя айцец Аркадзь Куляха OCD, а гамілію прамовіў ксёндз Іван Кароткін, пробашч парафіі святога Арханёла Міхала ў Лужках (Віцебская дыяцэзія)..
У сваім слове святар засяродзіўся на марыйнай духоўнасці, падкрэсліўшы: «Чым бліжэй чалавек да Марыі, тым бліжэй ён да Хрыста». Таксама прапаведнік звярнуў увагу на сутнасць малітвы праслаўлення, падчас якой чалавек пераносіць увагу з самога сябе, сваіх патрэбаў і праблем на Бога, пачынае бачыць Яго веліч, дабрыню ды любоў і таму велічае Яго так як Марыя.
У літургіі ўдзельнічалі мясцовыя кармэліты босыя, адказны за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак з маладымі валанцёрамі з Мінска, а таксама кансэкраваныя асобы і пілігрымы з іншых парафій.
Пасля святой Імшы адбылося набажэнства, падчас якога прысутныя даверылі сябе Богу праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Шкаплера. Затым парафіяне, моладзь і госці павіншавалі свайго пробашча, айца Аркадзя Куляху, з 60-годдзем з дня нараджэння. Вернікі выказалі падзяку за душпастырскае служэнне і пажадалі яму моцнага здароўя і Божага благаслаўлення.
Фэст у гонар Маці Божай Гудагайскай пройдзе 18 і 19 ліпеня. Запрашаем усіх парафіян і гасцей прыняць у ім удзел.
Тэкст і фота: Марыя Ахрамовіч
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave