ЕВАНГЕЛЛЕ (Лк 11, 1–13)
Калі Езус быў у пэўным месцы і маліўся, і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў». Ён сказаў ім: «Калі моліцеся, кажыце: Ойча, няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Валадарства Тваё. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму, і не ўводзь нас у спакусу». Затым сказаў ім: «Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: „Дружа, пазыч мне тры боханы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, а ў мяне няма чаго даць яму“. А той знутры скажа яму ў адказ: „Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе“. Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму з-за таго, што той сябра ягоны, то з-за настойлівасці ягонай устане і дасць яму, колькі патрабуе. І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму адчыняць. Калі ў нейкага з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той падасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго».
Каментарый
Прыклад Езуса так прыцягвае вучняў да малітвы, што яны просяць Яго, каб падказаў ім, як трэба маліцца. Выконваючы іх просьбу, Езус вучыць іх малітве «Ойча наш…». Пасля першароднага грэху чалавек, зранены недаверам, адвярнуўся ад Бога. Праз малітву мы зноў звяртаем свой твар да свайго Сварыцеля, усклікаючы: «Ойча, няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Валадарства Тваё». Прыходзіць адчуванне таго, што Ён глядзіць на нас з любоўю, што хоча задавольваць нашыя штодзённыя патрэбы, прагне прабачаць нам нашыя грахі.
Езус заахвочвае, каб мы з даверам настойліва прадстаўлялі Богу свае просьбы. Ці ўсе яны будуць выслуханыя? Часам мы молімся пра нешта такое, што не прынясе нам дабра і таму не можа быць выканана. Гэтую пустату Бог запаўняе, спасылаючы нам зусім іншы, часам вельмі нечаканы дар.
«Як я малюся? — кажа папа Францішак. — Часта бяру Біблію, некалькі хвілінаў чытаю, потым адкладваю яе і дазваляю, каб Бог глядзеў на мяне».
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 3, с. 342-343.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave