ЕВАНГЕЛЛЕ (Ян 6, 24–35)
Калі натоўп убачыў, што там няма ні Езуса, ні вучняў Ягоных, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса. Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты прыбыў сюды?» Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі знакі, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец!» А яны сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?» Езус адказаў ім: «У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў». Яны ж сказалі Яму: «Які ж Ты зробіш знак, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што ўчыніш? Айцы нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб з неба даў ім есці”». Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба. Бо хлеб Божы — гэта той, хто сыходзіць з неба і дае жыццё свету». Тады сказалі Яму: «Пане, давай нам заўсёды такі хлеб». Езус адказаў ім: «Я — хлеб жыцця; хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць..
КАМЕНТАРЫЙ
Перажыванне голаду, якое закранае нас на розных узроўнях нашай чалавечнасці, можа стаць шляхам да адкрыцця Бога, які з’яўляецца пасілкам. Але гэта можа стаць таксама вязніцай, з якой вельмі цяжка вызваліцца. Вязніцай, якая трымае наш позірк нізка, на зямлі і зямных справах. Гэта яскрава прадстаўлена ў сённяшнім Евангеллі. Бо з аднаго боку мы бачым людзей, якія горача прагнуць, якія (зведаўшы, што спаўненне прагненняў і насычэнне магчыма) шукаюць спосабу зрабіць гэты досвед трывалым. З другога боку бачым Езуса, які ведае, што цуд, здзейснены Ім, з’яўляецца толькі знакам, які скіроўвае да зусім іншай рэчаіснасці. Мы таксама часта прыходзім да Бога, перакананыя ў тым, што хочам даведацца, што неабходна зрабіць, каб выкананне Божых справаў стала стылем нашага жыцця. На жаль, калі прыгледзецца да нашых матываў, то таксама часта відаць, што на самай справе мы шукалі спосабу, каб зноў адчуць сябе накормленымі, тут і цяпер. На шчасце, Езус, хоць і ведае праўду нашага сэрца, не расчароўваецца і кожную хвіліну змагаецца за тое, каб мы захацелі прыняць сапраўдны пасілак для вечнага жыцця — пасілак, якім з’яўляецца Ён сам!
З кнігі кармэліцкіх разважанняў
“Szukać Jego towarzystwa”, т. 3, с. 12-13.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave