30/07/22

18 звычайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ (Лк 12, 13–21)

Нехта з натоўпу сказаў Езусу: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай». Але Езус адказаў яму: «Чалавеча, хто паставіў Мяне судзіць або раздзяляць вас?» Пры гэтым сказаў ім: «Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці». І расказаў ім прыпавесць: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле. І ён разважаў сам-насам: „Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой“. І сказаў: „Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. І скажу душы маёй: Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся“. Але Бог сказаў яму: „Неразумны, гэтай жа ноччу забяруць душу тваю у цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?“ Так бывае з тым, хто збірае скарбы сабе, а не перад Богам багацее».

 

Каментарый

Кожны з нас носіць у сабе вобраз таго, што з’яўляецца добрым альбо міласэрным. У шматлікіх агіяграфічных легендах  мы чытаем пра дзейнасць святых, якія ніколі нікога не адкінулі… І ў той жа час Езус  уражвае нас рэзкасцю рэакцыі на скаргі і нараканні на нашых бліжніх, з якімі мы да Яго звяртаемся.

У сённяшнім Евангеллі чалавек звяртаецца з просьбай да Хрыста: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай». А Езус нават не збіраецца ўдакладняць, ці сапраўды была ўчынена нейкая несправядлівасць. Ён проста не хоча ўмешвацца ў нашыя спрэчкі і сваркі. Аднак Езус не пакідае гэтай справы без каментарыя. У прыпавесці, якая была натхнёная гэтай сітуацыяй, змешчана павучэнне, дзякуючы якому абодва браты могуць зрабіць рахунак сумлення. Езус дае нам крытэрый, і з яго дапамогай кожны з нас сам можа ацаніць стан свайго сэрца. Так Езус дапамагае нам развіваць у сабе адказнасць за зроблены выбар, а таксама вучыцца жыць за ўласны кошт, без дзіцячых скаргаў на тых, хто спадарожнічае нам на жыццёвым шляху.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 15.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave