ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 14, 13–21
Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца адзін, а людзі, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх. Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: «Пустыннае гэтае месца і гадзіна ўжо позняя; адпусці людзей, каб яны пайшлі ў паселішчы і купілі ежы сабе». Ён сказаў ім: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці». Яны ж сказалі яму: «У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны». Ён сказаў: «Прынясіце іх Мне сюды». І, загадаўшы народу сесці на траву, Ён узяў пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і, разламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — людзям. І ўсе елі, і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.
КАМЕНТАРЫЙ
Напэўна, кожны з нас калі-небудзь адчуваў спакусу ўсталяваць свет і жыццё іншых людзей па-свойму. Тады мы прыходзім да Езуса, як вучні з сённяшняга Евангелля: з сур’ёзным, рацыянальным поглядам на рэчаіснасць і… пачынаем настаўляць Бога і раіць Яму, што Ён павінен цяпер зрабіць. Быццам Ён не можа справіцца без нашай цвярозай і пільнай ацэнкі сітуацыі... На жаль, часта мы не ўсведамляем, што нашыя распараджэнні дазваляюць нам самім унікнуць адказнасці за ход падзей; выключаюць наш асабісты ўдзел і актыўнасць дзеля дабра. Між тым, сёння Езус кажа нам словамі Евангелля: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці». Гэты заклік адкрывае вачам нашага сэрца простую ісціну: Бог жадае даваць свае дары, карыстаючыся намі як пасрэднікамі. А той асаблівай «ежай», якая так моцна ўсім нам патрэбна, з’яўляецца... любоў!
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 9-10.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave