12/08/23

19 звычайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ  (Мц 14, 22–33)

Калі натоўп быў накормлены, Езус адразу ж загадаў вучням сесці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей. Адпусціўшы народ, Езус падняўся на гару памаліцца асобна. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін. Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Ён пайшоў да іх, ідучы па моры. Калі ж вучні ўбачылі, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: «Гэта прывід». I ад страху закрычалі. Але Ён адразу загаварыў з імі і сказаў: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!» Пётр сказаў Яму ў адказ: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе». Ён жа сказаў: «Ідзі!» Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, адчуўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: «Пане, ратуй мяне!» Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?» Калі яны ўвайшлі ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: «Ты сапраўды Сын Божы!».

 

КАМЕНТАРЫЙ

У кожным з нас вера і ўпэўненасць у Божай дапамозе змагаюцца са страхам, які выкліканы рознымі, супраціўнымі нам «вятрамі». Нават стоячы на вадзе побач з Езусам, здзяйсняючы тое, што па-чалавечы немагчыма, мы можам засумнявацца, адчуўшы моцны вецер, і, хоць толькі што «валадарылі» з нашым Панам, раптам пачынаем тануць. Але пакуль нашыя вочы скіраваны на Бога і пакуль мы чакаем дапамогі ад Яго, мы ў бяспецы. Таму што дастаткова паклікаць і Ён выратуе нас з бяды, у якую мы трапілі. Адно мы павінны ведаць: менавіта Бог з’яўляецца Панам і нашых поспехаў, і нашых цяжкасцяў. Менавіта Ён вырашае, калі пакінуць нас адных у лодцы нашага жыцця, а калі супакоіць вецер, які дзьме з процілеглага боку. І ўсё гэта для таго, каб з нашых сэрцаў вырвалася прызнанне: «Ты сапраўды Сын Божы!».

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 30-31.

 

 

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave