13/01/22

2 звычайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ (Ян 2, 1-12)

 

У Кане Галілейскай было вяселле і Маці Езуса была там. Быў запрошаны на вяселле таксама і Езус, і вучні Ягоныя. І, калі не хапіла віна, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна». Адказаў Ёй Езус: «Жанчына, ці гэта Мая або Твая справа? Яшчэ не прыйшоў час Мой». Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце». Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры. Езус сказаў: «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх даверху. І кажа ім: «Цяпер зачэрпніце і занясіце кіраўніку вяселля». І панеслі. Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў ваду, што стала віном, — і не ведаў, адкуль яно ўзялося, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду, — то паклікаў жаніха і кажа яму: «Кожны чалавек падае́ спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль». Такі пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і аб’явіў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя. Пасля гэтага прыйшоў Ён у Кафарнаум, Ён сам і Маці Ягоная, і браты, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён.

 

КАМЕНТАРЫЙ

 

Вера Марыі не мае межаў. Адказ Сына не бянтэжыць Яе. Яна працягвае сваю паслугу адносна маладой пары, якая аказалася ў няёмкім становішчы. Марыя дае распараджэнне слугам, ніколькі не стрыманая рэакцыяй Езуса. Яна ведае, што Ён дапаможа — магчыма, не так, як разлічвае Яна, але ўсё ж дапаможа. Такая вера «змушае» Бога да выканання просьбы.

Многія святыя здзяйснялі цуды, а на самай справе, гэта Бог здзяйсняў гэтыя цуды ў адказ на іх веру.
У чым заключаецца вера? Гэта давер у адносінах да Асобы, якая з’яўляецца для мяне апірышчам (біблійнай скалой). Гэтая Асоба забяспечыць суцяшэнне і дапамогу.  Глядзець з верай — гэта значыць успрымаць Кагосьці, надаючы Яму пазітыўныя рысы. Калі я ведаю, што хтосьці добры, то ці ж мог бы ён пакінуць мяне без дапамогі? Аднак, нягледзячы на тое, што мы гэта ведаем, нам усе ж цяжка верыць. Вера — гэта ласка, якую трэба выпрошваць для сябе на малітве.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 3, с. 28-29

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave