ЕВАНГЕЛЛЕ (Мц 15, 21–28)
«Выйшаўшы адтуль, Езус накіраваўся ў землі Тыра і Сідона. I вось, жанчына канаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: «Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апанаваная злым духам дачка мая». Але Ён не адказаў ёй ні слова. Вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: «Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі». Ён жа адказаў: «Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля». Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: «Пане, памажы мне!» Ён жа сказаў у адказ: «Нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам». Яна адказала: «Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх». Тады Езус сказаў ёй у адказ: «О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш». I з гэтага моманту дачка яе стала здаровай».
КАМЕНТАРЫЙ
Езус маўчыць. Ён ігнаруе просьбу маці, якая моліць Яго выратаваць яе дачку. Вучні лічаць, што Езус проста не звяртае ўвагу на гэтую жанчыну, і гэта іх зусім не хвалюе. Яна ж язычніца! Аднак ім цяжка зносіць яе крык, таму яны лічаць, што Езус павінен нешта з гэтым зрабіць. Жанчына, нягледзячы на адсутнасць рэакцыі з боку Хрыста, набліжаецца да Яго, падае на калені і не перастае прасіць. У адказ яна чуе словы, якія маглі б збянтэжыць любога. Здавалася б, перад абліччам такой непрымірымасці адзінае, што мае сэнс — развярнуцца і адыйсці. Тым часам, яна... не перастае прасіць. І атрымлівае тое, аб чым просіць! Яе паводзіны становяцца для нас узорам трывання ў малітве заступніцтва. Шлях, якім Бог вёў яе, вельмі нагадвае шлях многіх святых, якія адчувалі пакінутасць Богам і людзьмі. Аднак, урэшце рэшт, яны заўсёды атрымлівалі тое, аб чым прасілі. Таму давайце і мы адважымся і падымем галовы, бо якая б вялікая цемра ні акружала нас, калі толькі мы будзем пастаянна ўсклікаць да Бога, мы будзем выслуханыя Ім!
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 48-49.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave