03/09/22

23 звычайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ (Лк 14, 25–33)

Шмат людзей ішло за Езусам. Звярнуўшыся, Ён сказаў ім: «Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, і нават жыцця свайго, той не можа быць вучнем Маім. Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем. Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці ма́е на будову. Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: „Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць“. Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру. Гэтак ніхто з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем».

Каментарый

Адрачыся ад усяго, каб усё атрымаць ад Хрыста — перамененае і асвечанае. Я магу ісці за Хрыстом, не беручы свайго крыжа, але тады не буду называцца Яго вучнем. Вучань наследуе Настаўніка, робіць усё, каб быць падобным да Яго. Езус заклікае нас наследаваць Яго святую свабоду, заклікае адкінуць прагавітасць і быць здольным адрачыся нават ад таго, што мне належыць па праву. Гэты заклік ісці шляхам кенозы Хрыста, які адрокся ад сваёй славы, выбраўшы паслухмяную любоў да Айца, а таксама любоў да чалавека. Паводле Божай логікі тое, што па-чалавечы з’яўляецца стратай, часта становіцца прыбыткам і благаслаўленнем.

Нам трэба ў малітве, у чытанні Божага слова насычацца Божай логікай і кіравацца ёю ў жыцці, каб мы здолелі завяршыць распачатую будову і не прайгралі бітву. Калі ідзеш за Хрыстом, то гэта нешта падобнае да будоўлі і да бітвы. Аднак, каб гэтыя дзеянні завяршыліся паспяхова, неабходна радыкальна, цалкам падпарадкавацца Езусу, які сам нас вядзе.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 111-112.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave