17/09/22

25 звычайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ (Лк 16, 1–13)

Казаў таксама вучням сваім: «Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго. Той, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу пра кіраванне сваё, бо ўжо не можаш быць эканомам”. Тады эканом сказаў сам сабе: “Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся. Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам”. Паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, ён сказаў першаму: “Колькі ты павінен гаспадару майму?” Той сказаў: “Сто кадзяў алею”. Тады сказаў яму: “Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзесят”. Потым другому сказаў: “А ты колькі павінен?” Той сказаў: “Сто кор пшаніцы”. І яму сказаў: “Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят”. І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення. І Я кажу вам: здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай,  каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры. Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім. Таму, калі вы ў нікчэмнай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае? Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе моцна трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне».

 

Каментарый

Сённяшнее Евангелле дапамагае зразумець, як хрысціянін павінен карыстацца багаццем, маючы пры гэтым на ўвазе сваю мэту — вечнасць. Езус называе грошы «несправядлівай мамонай», таму што вельмі часта яны здабываюцца несумленна. Выкарыстаныя несумленна, грошы могуць стаць перашкодай для збаўлення, але калі яны выкарыстоўваюцца на карысць патрабуючых, то дапамагаюць нам яго дасягнуць. Такім чынам хрысціянін здабывае сабе сяброў, якія прымуць яго «ў вечныя шатры». Выкарыстоўванне грошай патрабуе надзвычайнай сумленнасці як у вялікіх, так і ў малых, нават зусім нязначных справах. Калі чалавек не захоўвае ўнутранай стрыманасці адносна выгады, выкарыстанне грошай становіцца спакусай, супрацьстаяць якой вельмі цяжка. Тады і гаспадар, і эканом могуць стаць нявольнікамі грошай — самага злоснага тырана, які не пакідае чалавеку ніякай свабоды, нават той, якой патрабуе служэнне Богу. Ніколі не можа быць дастаткова разважанняў над Езусавым папярэджаннем: «Не можаце служыць Богу і мамоне».

 

Айцец Габрыэль ад св. Марыі Магдалены OCD, З кнігі “Żyć Bogiem”, т. III, с. 221.

 

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave