24/09/22

26 звычайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ  (Лк 16, 19–31)

Езус сказаў фарысеям: «Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў. А нейкі жабрак, па імені Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі ж прыходзілі і лізалі струпы ягоныя. Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты і быў пахаваны. У пекле, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. І, усклікнуўшы, сказаў: „Ойча Абрагаме, злітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб памачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым“. Але Абрагам сказаў: „Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро ў жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці“. Тады сказаў ён: „Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты“. Абрагам адказаў: „У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюцца іх“. А ён сказаў: „Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца“. Тады Абрагам сказаў яму: „Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць“».

Каментарый

Часам можна сустрэць людзей, перакананых у тым, што тое, што яны ў сабе выпрацавалі, што набылі — усё гэта належыць ім і яны маюць выключнае права карыстацца нажытым. У нейкай ступені такі падыход абгрунтаваны, асабліва, калі іх багацце з’яўляецца вынікам сумленных высілкаў. Таксама і гэтаму багатаму чалавеку з Евангелля дазвалялася карыстацца сваім багаццем: смачна есці, прыгожа адзявацца і весяліцца. Не гэта было прычынай пакарання, якое ён у канчатковым выніку заслужыў. Яго права спажываць даброты, якія мае, — гэта толькі частка праўды. Існуе яшчэ штосьці, чаго ён не хацеў бачыць... Ён быў не гаспадаром, а толькі распарадчыкам гэтых дабротаў. Ён меў права карыстацца тым, што меў у распараджэнні, але гэтае права не выключнае. Адзіным гаспадаром усіх гэтых дабротаў з’яўляецца іх Стварыцель, які даручыў іх гэтаму багачу (гэтаксама, як у прыпавесці пра евангельскія таленты), каб з іх дапамогаю ён памнажаў свае заслугі і багацце сэрца, здзяйсняючы дабро, для чаго ў яго было так шмат магчымасцяў.

Таму імя багатага не названа ў Евангеллі, і наадварот, мы ведаем, што жабрака звалі Лазарам. «Пан Езус нібы заяўляе: Я ведаю пакорнага Лазара, але не ведаю ганарыстага багача. Таго Я ведаю і хвалю яго, а гэтага не ведаю, бо на судзе ён быў адвергнуты» (св. Грыгорый Вялікі).

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 171-172.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave