30/09/23

26 звычайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ  (Мц 21, 28–32)

«Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: “Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку”. Але той адказаў: “Не хачу.” Аднак пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: “Іду, гаспадару”. І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Тады Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы ідуць перад вамі ў Валадарства Божае. Прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.

 

КАМЕНТАРЫЙ

Уцелаўлёны Бог, які хадзіў па зямлі, паказваў, што Яму падабаюцца пэўныя асобы і паставы людзей, якія нам здаюцца дзіўнымі. Ён ставіў за прыклад дзіця, несумленнага эканома, несправядлівага суддзю, а ў сённяшнім Евангеллі — мытнікаў і распусніц… Непрадбачлівы, засяроджаны на сабе “фарысей”, пазбаўлены праніклівага позірку Духа, заўважыць толькі тое, што яго згоршыць і ад чаго ён адвернецца… Хіба ж Бог хваліць зло? Ні ў якім выпадку! Проста Яго сэрца прыцягвае тое, што пакорнае, што прыніжанае, што поўнасцю адкрыта на Яго ласку.

Першы сын, які, магчыма, карыстаўся большай прыхільнасцю з боку бацькі, клапаціўся пра сваё добрае імя і ўніжана выконваў распараджэнні бацькі, так што заўсёды ў яго нагатове быў завучаны адказ: “Іду, гаспадару”, на гэтым і затрымаўся. З цягам часу ён перастаў старацца выконваць волю свайго бацькі; як зерне, пасеянае на камяністай глебе, якое хутка прарасло без каранёў, але адразу засохла; або, як дом, пабудаваны на пяску; або, як панны, якія не ўзялі алею…

Другому сыну не было чым ганарыцца, ён усвядоміў сваю слабасць, зведаў горкі смак страты добрага імя, пагарду з боку “пабожных”, апусціўся на самае дно, каб там навучыцца пакоры і, узяўшы яе за спадарожніцу ў жыцці, пасля першага бунту выканаў, аднак, волю бацькі.

Калі мы не здолелі быць паслухмянымі на пачатку, то не ўсё страчана, гэта нават можа стаць “благаслаўлёнай віной”, калі сітуацыя навучыла нас пакоры, каб цяпер, не абапіраючыся на сябе, мы ахвотна ўсім сэрцам адказалі на Божае прагненне.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 165-166.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave