07/10/21

28 звычайная нядзеля

Евангелле (Мк 10, 17-27)

 

Калі Езус вырушыў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: “Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?” Езус сказаў яму: “Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ты ведаеш запаведзі: не распуснічай, не забівай, не крадзі, не сведчы ілжыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці”. А той сказаў Яму ў адказ: “Настаўнік, усё гэта я захоўваў з маладосці маёй”. Езус, паглядзеўшы на яго, умілаваў яго і сказаў: “Табе нестае аднаго, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною”. А ён засмуціўся ад гэтых слоў і адыйшоў маркотны, бо ў яго была вялікая маёмасць.

Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: “Як цяжка будзе тым, хто мае багацце ўвайсці ў Валадарства Божае!” Вучні ж дзівіліся словам Ягоным. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: “Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае”. А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: “Хто ж можа збавіцца?” Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: “У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма”.

 

Каментарый

 

Да ліку святых далучана шмат людзей, якія паходзілі з багатых сямей, але яны — фізічна адарваўшыся ад таго, што мелі, — усё пакінулі, раздалі або прадалі. Такое радыкальнае пазбаўленне зямных выгодаў было неабходна для таго, каб цалкам прысвяціць сябе Богу. Старазапаветная Мудрасць атаясамліваецца са святасцю і, выбіраючы яе, мы выбіраем Таго, хто з’яўляецца самой Святасцю. Непараўнальныя з Ім “ні скіпетр, ні трон, ні багацце, ні каштоўныя камяні, бо ўсё золата — гэта нікчэмны пясок, а срэбра, як бруд. Гэтаксама нявартыя нічога здароўе і прыгажосць…” (пар. Мдр 7, 8-9).

Цяжка не заўважыць падабенства паміж гімнам Мудрасці са Старога Запавету і гімнам любові св. Паўла, які таксама паказвае: усё тое, што не ёсць любоўю, не мае вартасці. У іншым пасланні св. Павел прызнаецца, што лічыць смеццем усё, што было для яго вартасцю (пар. Флп 3, 8) да таго моманту, як ён пазнаў Хрыста, бо ў Ім схаваны ўсе скарбы і ў Ім жыве ўся паўната боскасці (пар. Клс 2, 3. 9). Гэта і ёсць тое Хрыстовае “ў сто разоў больш цяпер, у гэты час… сярод пераследу, а ў будучым веку — жыццё вечнае” (Мк 10, 30).

 

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 213-214

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave