08/10/22

28 звычайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ  (Лк 17, 11–19)

Езус, калі ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк і моцным голасам казалі: «Езус, Настаўнік, змілуйся над намі». Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». А калі адышлі, яны ачысціліся. І адзін з іх, убачыўшы, што стаў аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам праслаўляючы Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца?» І сказаў яму: «Устань, ідзі; вера твая збавіла цябе».

 

КАМЕНТАРЫЙ

Святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса сцвяржае, што ўдзячнасць заўсёды прыцягвае новыя ласкі з неба, таму што, калі мы дзякуем Богу, мы заваёўваем Яго сэрца, і Ён адчувае сябе нібы «вымушаным» адорваць нас яшчэ больш шчодра. Удзячнасць — гэта другое імя пакоры; пакоры ў самым поўным сэнсе гэтага слова, якая дзякуючы таму, што бачыць і прызнае́ сваю нікчэмнасць, радуецца ўсяму, што атрымлівае, бо ведае, што гэта ёй не належыць, што гэта чыстая Міласэрнасць, якая схілілася над ёю, каб яе ўзбагаціць.

               З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 215.

 

Хрысціянскае жыццё — гэта, перш за ўсё, удзячны адказ велікадушнаму Айцу. Хрысціяне, якія выконваюць толькі «абавязкі», прызнаюцца, што не маюць асабістага досведу таго Бога, які з’яўляецца «нашым»» (…) Удзячнасць — гэта адметная рыса сэрца, якое наведаў Дух Святы, а каб быць паслухмянымі Богу, перш за ўсё, трэба памятаць пра Яго дары.

Мы не збаўляемся самі, але ад нас можа зыходзіць кліч аб дапамозе: «Пане, збаў мяне, Пане, навучы мяне шляху. Пане, прытулі мяне, Пане, дай мне крыху радасці». Гэта заклік аб дапамозе. Вось, што мы павінны рабіць: прасіць аб вызваленні ад эгаізму, граху, путаў няволі. Гэты кліч з’яўляецца важным, з’яўляецца малітвай, усведамленнем таго, што яшчэ ёсць нешта прыгнечанае і невызваленае ў нас. У нашай душы ёсць мноства ўсяго, што не вызвалена. (…)

Бог паклікаў нас да жыцця не для таго, каб мы заставаліся пад прыгнётам, але каб былі свабоднымі і жылі з удзячнасцю, з радасцю, будучы паслухмянымі Таму, хто даў нам шмат, бясконца больш, чым мы можам даць Яму. Гэта цудоўна. Няхай Бог будзе заўсёды благаслаўлёны за ўсё тое, што зрабіў, робіць і зробіць для нас.

Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, 27 чэрвеня 2018 г.

 

Ці магу я назваць сябе ўдзячным чалавекам?

Ці ўсведамляю, што ўсё, што я маю, атрымана ад Бога, любячага Айца?

У чым я прашу дапамогі, звяртаючыся ў сваіх малітвах да Бога?

Якое маё хрысціянскае жыццё: гэта выкананне наказаў і абавязкаў ці гэта шчырыя адносіны с Тым, пра каго я ведаю, што Ён мяне любіць?

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave