14/10/23

28 звычайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ  Мц 22, 1–14

Езус зноў расказаў ім прыпавесць: «Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для свайго сына. Ён паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці. Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае́ і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле”. Але яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх. Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. Тады ён сказаў сваім слугам: “Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле”. Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі. Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?” Той прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: “Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных».  

 

КАМЕНТАРЫЙ

Варта задаць сабе пытанне: што адбывалася ў сэрцах сяброў караля, напэўна знатных і дастойных асобаў (таму што толькі такіх запрашаюць на вяселле каралеўскага сына), што яны здолелі пагардзіць запрашэннем? Няўжо паўплывалі на гэта гады даверлівых адносін; прывілеі, якімі яны карысталіся; пашана і павага, якімі яны былі акружаны як каралеўскія фаварыты? Што прывяло да таго, што яны страцілі пачуццё пашаны, якая належыць манарху, і адважыліся нанесці яму такую аплявуху, не прымаючы запрашэння, якое было праяўленнем асаблівага адзначэння? Няўжо яны не лічыліся з наступствамі сваіх кпінаў з магутнасці ўладара? Што настолькі адурманіла іхнія сэрцы?.. Падобным чынам можна было б  разважаць над слепатой многіх людзей, якія гэтак жа пагарджаюць ужо не зямным каралём, а Валадором Сусвету.

Але яшчэ больш дзіўнай з’яўляецца пастава таго чалавека, які не меў ніякіх падстаў спадзявацца на такі гонар, якім было запрашэнне на вяселле каралеўскага сына, аднак, замест удзячнасці, і ён таксама праявіў пагарду, прыйшоўшы на вяселле не ў вясельнай вопратцы. Якая ж вялікая спакуса: пагардзіць Богам, які з’яўляецца міласэрным і заўсёды прабачае. Бог праяўляе да нас сваю міласэрнасць, каб яна абуджала ў нас усё большую ўдзячнасць і адкрывала нам шлях да Божага сэрца. Але яна можа натрапіць на пыху, якая не ўмее быць удзячнай, бо лічыць, што ўсё ёй належыць, што б ні атрымала.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 210-211.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave