ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 22, 15–21
Тады Фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на слове. I паслалі да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб сказалі: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей. Таму скажы нам: як Табе здаецца? Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не?» Але Езус, ведаючы зласлівасць іхнюю, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі? Пакажыце Мне падатковую манету». Яны прынеслі Яму дынар. Ён спытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?» Адказалі Яму: «Цэзара». Тады Ён сказаў ім: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае Богу». Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышлі.
КАМЕНТАРЫЙ
Якімі мізэрнымі здаюцца намаганні ўпартых ворагаў Езуса, якія сіляцца загнаць Яго ў тупік і давесці да выказвання, якое стала б Яго асуджэннем… Не прызнаючы Яго Боскасці, якую нельга зразумець чалавечым някемлівым розумам, самі трапляюць у пастку. Хрыстус выказвае свае погляды ясна і празрыста, на іх падставе яны не маглі Яго абвінаваціць і выкарыстаць Яго словы супраць Яго. Радзіць ім аддаваць пашану Богу належную Яму і адначасова шанаваць людзкую ўладу, як выраз справядлівасці. Творца можа выкарыстаць нават паганскага караля альбо цэзара, уключае іх у свае планы і ажыцяўляе сваю спрадвечную волю. Цэзар не ведае і не шануе Адзінага Пана, аднак, не разумеючы гэтага, выконвае Яго волю і згодна з прадвесцем Езуса праз некалькі дзесяткаў гадоў пасля Яго ўваскрасення разбурае святы горад і святыню. Святыня перастала выконваць сваё прызначэнне па прычыне нявернасці святароў і іх слепаты, з-за якой не прынялі Месію. Ад яе не засталося “каменя на камені, які не быў зруйнаваны”. Ці ёсць штосці немагчымае для Таго, хто існуе панад небам і зямлёй? Павінны аддаць Яму тое, што належыць Яму па праву, а чалавеку, які па Яго волі альбо дапушчэнню пануе над зямлёй – тое, што належыць яму. “Аддайце Пану славу дзеля імя Ягонага”(Пс 96, 8а) “Бо вялікі Пан і вельмі праслаўлены” (Пс 96, 4).
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 230-231.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave