ЕВАНГЕЛЛЕ (Мк 10, 35-45)
Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі Яму: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім». Ён жа адказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?» Яны сказалі Яму: «Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй». Але Езус сказаў ім: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?» Яны адказалі Яму: «Можам». А Езус сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана». І, пачуўшы, дзесяць вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна. Езус паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі і вяльможы іх уладараць над імі. Але не так няхай будзе між вамі: хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.
КАМЕНТАРЫЙ
Ян, умілаваны вучань Езуса, і яго брат, жадаюць быць побач з Настаўнікам у Ягоным Валадарстве. Напэўна, для іх гэта відавочна, таму іх здзівіў адказ Езуса: «Не ведаеце, аб чым просіце». Яны ведалі, але толькі па людскі. Іх розум яшчэ не да канца быў сфармаваны ў школе Езуса, яны не разумелі сутнасці ўзвышэння Божага Сына. Як і іншыя Апосталы, яны не дапускалі праўды пра муку Месіі і непрыняцце Яго. Яны не маглі атрымаць абяцання, што іх просьба будзе выканана, — дзеля гэтага ім трэба было б прайсці той шлях, якім павінен быў ісці іх Настаўнік, і быць падобнымі да Яго ў цярпенні.
Колькі разоў мы адчуваем бунт, калі не здзяйсняецца тое, аб чым мы просім Бога шчырым сэрцам, думаючы, што гэта добра. Тым часам Ён бачыць усё, ведае тыя наступствы, якія б прынесла выкананне нашых просьбаў, і ведае нашыя магчымасці прыняцця гэтых наступстваў. Таму спачатку Ён павінен прыгатаваць у сваёй школе нашыя сэрцы, аднавіць наш розум святлом свайго Духа, каб мы былі здольныя зразумець тое, да чаго Ён нас кліча, і што́ падрыхтаваў для нас, каб быць падобнымі да Яго.
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 232-233.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave