30/04/22

3 Велікодная нядзеля

Евангелле (Ян 21, 1–14)

 

Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Завядзея і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр кажа ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі. Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Кажа ім Езус: «Дзеці, ці маеце чаго з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не». А Ён сказаў ім: «Закінце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы. Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан». Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі на чаўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, а сетку з рыбай цягнулі за сабою. І калі выйшлі на бераг, убачылі раскладзенае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб. І сказаў ім Езус: «Прынясіце яшчэ рыбы, што цяпер налавілі». Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзесят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. Кажа ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце!» Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: Хто Ты? — бо ведалі, што гэта Пан. А Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, а таксама і рыбу. Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.

Калі ж яны паснедалі, Езус сказаў Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх». Зноў сказаў яму другі раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Ён адказаў: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе?» Езус сказаў яму: «Пасі авечак Маіх». І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус сказаў яму: «Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш». А гаварыў так,  каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, сказаў яму: «Ідзі за Мной».

 

Каментарый

 

У сённяшнім Евангеллі Пётр у чарговы раз адкрывае сваю тоеснасць: нанова становіцца вучнем Пана. Яму трэба нанова пераканацца, што тая праца, якую ён выконваў дагэтуль, якая надавала яму значнасць, якая ставіла яго на чале рыбакоў з Галілеі не забяспечвае яму спадзяваных вынікаў.

Для Езуса мае значэнне толькі любоў і менавіта таму Ён не пытаецца ў Пятра: «Ці зробіш для Мяне штосьці важнае?», але пытаецца: «Ці любіш ты Мяне?». Засмучаны і скораны сваёй нявернасцю, Пётр кажа: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Сваё прызнанне ён складае ў Сэрца Езуса, уручаючы Яму любоў, ад якой раней адрокся.

Езус не кліча нас да вялікіх справаў, але найперш кліча нас да любові, з якой пазней нараджаюцца ўчынкі. Без любові нашыя сеткі застануцца пустымі, а наша лоўля — марнаю.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 245

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave