22/04/23

3 Велікодная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ  (Лк 24, 13–35)  

Вось двое з іх вучняў у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус. І размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. А калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго. І Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні». Ён спытаў іх: «Што?» Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы, і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі». Тады Ён сказаў ім: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?» І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго. Калі наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае». І Ён увайшоў, каб застацца з імі. Калі сядзеў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім. Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. І яны сказалі адзін аднаму: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?» І ў тую самую гадзіну яны ўсталі, вярнуліся ў Ерузалем і знайшлі сабраных Адзінаццаць і тых, хто быў з імі, якія казалі ім: «Пан сапраўды ўваскрос і з’явіўся Сымону». Яны таксама расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

 

КАМЕНТАРЫЙ

«Стрыманыя вочы» і «марудныя сэрцы, каб паверыць» — гэта дзве рысы, якія не дазволілі вучням застацца ў цэнтры Жыцця — у Ерузалеме. Яны бягуць ад Жыцця, а расчараванне і горыч, якія іх суправаджаюць, дапамагаюць ім рацыянальна растлумачыць свае паводзіны. Толькі дыскусія і абмеркаванне ўсяго таго, што адбылося, можа ствараць уражанне, што вучні і надалей знаходзяцца ў Жыцці. Аднак іх стаўленне да Хрыста — Чужога, якога яны папракаюць няведаннем, — адназначна паказвае, што «ўжо вечарэе». І ў іх, і навокал іх становіцца ўсё цямней. Так што яны прымушаюць невядомага Вандроўніка застацца з імі, бо ва ўсёй сваёй «разумовай цемры» ўсё ж заўважаюць, што Ён — Той, Хто «растлумачвае» Пісанне.

Святло паволі пачынае пранікаць праз іх цемру і ўспыхвае з усёй моцай, становячыся Прысутнасцю Хлеба.

Розум асвятляецца Словам, а сэрца — Эўхарыстыяй.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 239-240.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave