19/03/22

3 нядзеля Вялікага посту

ЕВАНГЕЛЛЕ (Лк 13, 1–9)

У той час прыйшлі некаторыя і расказалі Езусу пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. Езус адказаў ім на гэтае: «Думаце, што гэтыя галілеяне былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілеян, бо так пацярпелі? Не. Кажу вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васемнаццаць, на якіх звалілася сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не. Але кажу вам, калі не пакаецеся ўсе таксама загінеце». І расказаў вось якую прыпавесць: «Адзін чалавек меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў. І сказаў вінаградару: „Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?“ Але той сказаў яму ў адказ: „Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу ўгнаеннем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе“».

 

КАМЕНТАРЫЙ

Прыпавесць пра дрэва, якое не прыносіць плоду, адкрывае перад намі таямніцу Божай цярплівасці. Цярплівасць да нашага чалавечага стану, нашай немачы, калі самі па сабе мы не здольныя прынесці плод. Менавіта ў такія моманты праяўляецца Ягоная  лагоднасць. Бог шукае плоду, а калі не знаходзіць — дае час, каб дрэва адчула Ягоны клопат. Калі паддасца таму, што чыніць садоўнік, прынясе каштоўны плод.

Мы пастаянна чуем заклік да навяртання, увесь час адчуваем, што не ідзём да Пана, што не прыльнулі да Яго. Бог зноў і зноў прымае рашэнне прывесці чалавека да сябе. І толькі на Яго мы можам спадзявацца, калі бачым, што самі мы не можам цалкам прыльнуць да Яго. Прымаючы здарэнні, выпрабаванні жыцця ў веры, разумеючы, што за ўсім гэтым стаіць жаданне Бога нас збавіць, мы ўваходзім у прастору дзеяння Ягонай ласкі. Паддацца гэтаму дзеянню — адзіны шлях да таго, каб нашае жыццё прынесла плод перамены сэрца. Увайсці ў прастору Яго прысутнасці — гэта сэнс нашага жыцця, яго здзяйсненне. Сувязь з Хрыстом — гэта той бясцэнны плод, якога прагне для нас Гаспадар вінаградніка.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 68

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave