02/03/24

3 нядзеля Вялікага посту

ЕВАНГЕЛЛЕ (Ян 2, 13-25)

Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус увайшоў у Ерузалем. У святыні знайшоў тых, хто гандляваў валамі, авечкамі і галубамі, а таксама мянялаў, якія сядзелі там. Ён зрабіў біч з вяровак, павыганяў усіх са святыні, і авечак, і валоў, і грошы мянялаў парассыпаў, а сталы перавярнуў. А гандлярам галубамі сказаў: «Забярыце гэта адсюль! Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю». І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасць аб доме Тваім паглынае Мяне». На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: «Якім знакам пакажаш нам, што так можаш рабіць?» Езус сказаў ім у адказ: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе». Юдэі сказалі: «Сорак шэсць гадоў будавалася гэтая святыня, а Ты за тры дні ўзвядзеш яе?» Ён жа казаў пра святыню свайго цела. І калі Ён уваскрос, успомнілі вучні Ягоныя, што Ён гэта казаў, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус. А калі Ён быў у Ерузалеме на свята Пасхі, многія паверылі ў імя Ягонае, бачачызнакі, якія Ён чыніў. Але сам Езус не адкрываўся ім; Ён ведаў усіх і не меў патрэбы, каб хто-небудзь сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.

 

КАМЕНТАРЫЙ

Езус прыходзіць у святыню, у дом свайго Айца. Набліжаецца Пасха — вялікі зыход з няволі дзякуючы моцы Яхвэ. Езус сустракае людзей, якія зрабілі са святыні дом гандлю. Ён абураецца. Палае агнём руплівасці.

Адносіны з Богам — гэта нашае найсвяцейшае месца, гэта прастора любові, месца малітвы і ласкі. Прымаючы Яго Духа, мы становімся святыняй, дзе Ён прагне быць. Як часта мы ствараем там месца гандлю, пастаянна думаючы пра страты і прыбытак, пра тое, што́ купіць, каму заплаціць, што прадаць, каб атрымаць яшчэ больш. Мы зняволеныя сваімі прагненнямі, шукаем прыняцця, эмоцый, поспехаў, якія павінны адкрыць перад намі дзверы ілюзорных дасягненняў. Гандлюем сваім жыццём, сваёй чалавечнасцю, адносінамі, не ўмеючы безумоўна любіць, прысвячаць сябе іншым, не пытаючыся, якая з гэтага будзе карысць; мы не ў стане быць самімі сабой без камуфляжу і масак, без боязі. Калі мы не прабываем у лучнасці з Езусам, калі не практыкуем аскезу, прагнучы толькі ў Ім знайсці пацвярджэнне таго, што нас любяць, то наш дом гандлю павялічваецца. Нам патрэбна аздараўленне, вызваленне — патрэбна Пасха. Езус дае нам надзею на жыццё ў свабодзе і хвале дзяцей Божых (пар. Рым 8, 21). Ён змагаецца за нашае падабенства да Айца.

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 2, с. 65-66.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave