ЕВАНГЕЛЛЕ (Мц 22, 34–40)
Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, яны сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: «Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?» Езус адказаў яму: «“Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім”. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі».
КАМЕНТАРЫЙ
«Любові самой па сабе дастаткова… Яна з’яўляецца заслугай, яна таксама з’яўляецца ўзнагародай для сябе самой… Люблю, таму што люблю; люблю, каб любіць. Якой жа вялікай рэччу з’яўляецца любоў, калі яна звяртаецца да сваёй першапрычыны... калі, вяртаючыся да сваёй крыніцы, нястомна чэрпае з яе, каб выплысці нанова», — піша св. Бернард з Клерво.
Бог, прагнучы для сябе ўсёй сілы нашай любові, дае ў той жа час запаведзь любові да бліжняга; аднак гэта не азначае ўнутранага падзелу ў нашым сэрцы. Таму што Стварыцель прагне каб мы, цалкам аддаючы сябе Яму, любілі тое, што любіць Ён сам; так мы наследуем Яго, да чаго абавязвае нас тое, што мы створаны паводле Яго вобраза. Сапраўдная любоў праяўляецца ў тым, што звяртаецца асабліва да тых, ад каго не можа чакаць карысці для сябе, бо тады яна на самай справе з’яўляецца чыстым дарам. А чалавек у поўні з’яўляецца самім сабой толькі тады, калі бескарысліва прыносіць сябе ў дар іншым.
Такой дзейснай і жывой была любоў хрысціян у першыя стагоддзі, так што ўсе гаварылі, гледзячы на іх: «Глядзіце, як яны любяць адзін аднаго!». Менавіта такая ўзаемная любоў адкрывае свету жывую прысутнасць Бога ў супольнасці, як піша апостал Ян: «Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас…» (1 Ян 4, 12).
З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 250–251.
вул. Герасіменкі 6/1
220047 Мінск
Курыя вікарыяту
Cайт Варшаўскай правінцыі
Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave