29/10/22

31 звычайная нядзеля

ЕВАНГЕЛЛЕ  (Лк 19, 1–10)

Езус увайшоў у Ерыхон і праходзіў праз яго. І вось адзін чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць. Калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: «Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння мне трэба быць у тваім доме». Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю. А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека. Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: «Вось палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш». Езус сказаў яму: «Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула».

 

КАМЕНТАРЫЙ

Калі, як Закхей, шукаеш сэнсу жыцця і, не знаходзячы, растрачваеш сябе на «сурагаты любові» — багацце, кар’еру, задавальненні, залежнасці, — дазволь Езусу зірнуць на цябе. Толькі з Ім знойдзеш жыццё. Абмежаванні, грахі, сорам, плёткі, прадузятасць — ніякая перашкода не прымусіць Езуса забыць пра самае важнае: пра чалавека, які мае патрэбу ў любові і збаўленні.

Гісторыя Закхея робіць відавочным і тое, што Езус не толькі памятае, але і апярэджвае, бо пакуль мытнік намагаўся ўбачыць Езуса, Месія ўжо ўбачыў яго; раней, чым Закхей пачаў гаварыць, Езус сам звярнуўся да яго; перш, чым Закхей запрасіў да сябе, Езус пайшоў у яго дом. Вось хто такі Езус: Той, хто першым нас бачыць, Той, хто першым нас любіць, Той, хто першым прымае нас. Калі адкрываем, што Яго любоў апярэджвае нас, дасягае раней за ўсё астатняе, жыццё мяняецца.

Папа Францішак, гамілія 21.09.2019 г.

 

З другога боку, сённяшнее Евангелле паказвае нам, якім чынам мы можам прыцягнуць да сябе поўны любові позірк Збаўцы. Закхей ведае пра Хрыста, ведае, дзе Ён будзе праходзіць. Моцна жадае Яго ўбачыць, таму ідзе туды, дзе спадзяецца Яго знайсці. Мы ведаем шмат месцаў, у якіх «бывае» Езус. Эўхарыстыя, час малітвы, сакрамэнты — гэта галоўныя і найбольш відавочныя месцы прабывання Езуса. Ці прыходжу я туды, прыцягнуты жаданнем хоць бы толькі Яго ўбачыць? Ці ёсць ўва мне рашучасць пераадольваць тыя перашкоды, пра якія я ведаю, што яны выпалі на маю долю? Гэта можа быць малы рост, неабавязкова фізічны… Варта нанова запрагнуць сустрэчы з Езусам і зрабіць штосьці такое, што дазволіць Езусу выдзяліць нас сярод натоўпу і прыцянуць да сябе!

З кнігі кармэліцкіх разважанняў “Szukać Jego towarzystwa”, т. 4, с. 274-275.

Przycisk

КАРМЭЛІТЫ БОСЫЯ

вул. Герасіменкі 6/1

220047 Мінск

Сайт вікарыяту ў Беларусі

Партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Афіцыйны сайт ордэна

Курыя вікарыяту

Cайт Варшаўскай правінцыі

Сайт зроблены ў канструктары сайтаў WebWave